Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: словамі і жэстамі спрыяць культуры міру

“Неабходна садзейнічаць сацыяльнаму развіццю, каб выратаваць новыя пакаленні ад вайны”, - падкрэсліў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у адкрыцці 98-й асамблеі Аб’яднання генеральных настаяцеляў мужчынскіх манаскіх супольнасцей (Usg), якая будзе праходзіць да 25 лістапада 2022 года ў цэнтры Fraterna Domus у горадзе Сакрафана, недалёка ад Рыма.

Тэма сустрэчы – Fratelli Tutti: пакліканыя быць міратворцамі. Яна натхнёная 225-м пунктам папскай энцыклікі пра агульначалавечае братэрства, у якім гаворыцца, што “ў многіх частках свету існуе патрэба ў шляхах спакою, якія маглі б загаіць адкрытыя раны, патрэба ў міратворцах, гатовых з адвагай і вынаходлівасцю распачаць працэсы аздараўлення і новай сустрэчы”.

Ватыканскі іерарх зазначыў, што “забеспячэнне міру прадугледжвае перш за ўсё поўнае адмаўленне ад вайны і пошук дыялогу любой цаной, садзейнічанне стварэнню атмасферы росту даверу, які гарантуе шлях да будучыні”. Гэтак жа “неабходна забяспечыць асновы міру”, заўважыў арцыбіскуп Галахер, удакладняючы, што мір “гэта не толькі адсутнасць канфліктаў, але вырашэнне спрэчак паміж краінамі мірным шляхам з мэтай абароны правоў чалавека і народаў, у тым ліку права на свабоду сумлення і веравызнання”.

“Неабходна, каб чалавек адчуваў упэўненасць у іншым чалавеку, а народ – у іншым народзе. Толькі такім чынам магчымы шлях міру”, - заявіў папскі дыпламат, дадаючы: каб “садзейнічаць атмасферы даверу і дыялогу паміж краінамі і народамі, ніхто не павінен разглядацца як падпарадкаваны іншаму”, а “салідарнасць павінна характарызаваць адносіны і дыялог паміж дзяржавамі”.

У гэтым сэнсе “дыпламатыя Святога Пасаду імкнецца спрыяць новаму тыпу адносін паміж дзяржавамі, засяроджаным на дыялогу і раззбраенні, а таксама на педагагічным шляху навучання міру, з фармаваннем цэласнага чалавека, які імкнецца да агульнага дабра”.

“Мір – гэта дар ад Бога, які належыць чалавецтву”, - сказаў арцыбіскуп, падкрэсліваючы, што мірныя словы і жэсты ствараюць культуру міру і вучаць людзей дзейнічаць на яе карысць”. Ён адзначыў, што такая “дзейнасць, між іншым, прадугледжвае адкрытасць на праблемы іншага, пакладанне надзеі выключна на мірныя сродкі і асаблівую ўвагу да чалавечай годнасці”.

У гэтай перспектыве міру “Касцёл, сілай Евангелля, абвяшчае правы чалавека і працуе над тым, каб чалавечае грамадства ішло да агульнага дабра”. “Хрысціянская надзея ніколі не расчароўвае, - заключыў арцыбіскуп Галахер -. Мы павінны спадзявацца, насуперак усякай надзеі, на тое, што Бог не парушыць сваіх абяцанняў і быць упэўненымі ў тым, што варта змагацца за добрыя мэты, такія як будаванне міру”.
 

24 лістапада 2022, 10:00