Кардынал Тагле (другі справа) падчас Бахрэйнскага форума на карысць дыялогу Кардынал Тагле (другі справа) падчас Бахрэйнскага форума на карысць дыялогу 

Кардынал: папскае падарожжа ў Бахрэйн – гэта пілігрымка міру

Візіт Францішка ў Бахрэйн – не звычайны візіт, а “пілігрымка міру”, - адзначыў кардынал Луіс Антоніа Тагле, прэфект Дыкастэрыі па евангелізацыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх таксама падкрэсліў адмысловае становішча хрысціян у рэгіёне Персідскага заліва. Гэта місіянерская тэрыторыя, дзе першымі місіянерамі з'яўляюцца эканамічныя мігранты.

“Гэта пілігрымка міру і заклік да людзей розных нацыянальнасцей, культур і моў нанова адкрыць нашу супольную чалавечнасць. Падчас пілігрымкі было шмат знакаў, закраналіся таксама палітычныя і эканамічныя тэмы. Аднак у канчатковым выніку яна стала заклікам да малітвы і шанавання адзінага Бога”, - звярнуў увагу кардынал Тагле.

Моцным стаў і зварот Папы да мясцовых вызнаўцаў Хрыста. Ён заахвоціў зрабіць хрысціянскія школы, бальніцы і іншыя ўстановы домам для ўсіх. “Тут ёсць святары і законнікі, але трэба прызнаць, што самыя вялікія місіянеры – гэта свецкія вернікі. Яны прыехалі сюды, каб знайсці працу і, напэўна, не чакалі, што знойдуць місію. Аднак у іх гэта вельмі добра атрымліваецца. Візіт Францішка з’яўляецца ўмацаваннем, дае магутны імпульс мясцовым хрысціянам”, - заўважыў прэфект ватыканскай дыкастэрыі.

Ён лічыць, што пасля папскага візіту застанецца шмат “малапрыкметных”, але значных плёнаў, а іх сведкамі стануць мясцовыя католікі.
 

07 лістапада 2022, 08:45