Новы прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Арцыбіскуп Гуджэроці распачне сваю дзейнасць на новай пасадзе ў сярэдзіне студзеня 2023 года.
Клаўдыё Гуджэроці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 года ў італьянскай Вероне. Cкончыў факультэт Усходніх моваў і літаратуры Венецыянскага дзяржаўнага ўніверсітэта “Cà Foscari”, атрымаў вучоную ступень магістра святой літургіі ў Папскім літургічным інстытуце святога Анзэльма ў Рыме, абараніў дактарат у Папскім Усходнім Інстытуце.
Святарскае пасвячэнне атрымаў 29 мая 1982 года. З’яўляецца тытулярным арцыбіскупам Равэлы. У 1985 годзе паступіў на служэнне ў Кангрэгацыю па справах Усходніх Касцёлаў. 7 снежня 2001 года быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Арменіі і Грузіі, 13 снежня таго ж года – Апостальскім нунцыем у Азербайджане. 6 студзеня 2002 года атрымаў біскупскую сакру.
З 15 ліпеня 2011 года па 13 лістапада 2015 года быў Апостальскім нунцыем у Беларусі. Затым, на працягу амаль пяці гадоў, выконваў дыпламатычную місію ва Украіне. З 2020 года быў Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі.
Гуджэроці наведваў Беларусь з дыпламатычным візітам і пасля завяршэння сваёй місіі ў якасці нунцыя. 17 снежня 2020 года ён як спецыяльны пасланнік Папы Францішка сустракаўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам, каб выказаць заклапочанасць і трывогу Святога Айца ў сувязі з сітуацыяй у краіне. У той жа дзень адбылася яго сустрэча з мiнiстрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.