Сэмерара: святы – не геній, а той, хто жыве ў вернасці Евангеллю
Марыя Валодзіна – Vatican News
Адкрываючы 9 лістапада 2022 года канферэнцыю “Мадэлі святасці і кананізацыі ў 40-годдзе Апостальскай канстытуцыі Divinus Perfectionis Magister”, арганізаваную Папскім камітэтам гістарычных навук і Папскім Латэранскім універсітэтам, кардынал-прэфект адзначыў, што кожная святасць “ніколі не з'яўляецца індывідуальнай, але заўсёды эклезіяльнай святасцю, якая ўплывае на жыццё Касцёла”.
Другі Ватыканскі Сабор, патлумачыў іерарх, пазбавіў паняцце святасці “ўсіх форм індывідуалізму”, надаўшы “кожнай асабістай святасці характар эклезіяльнасці”, што аднак гарманічна спалучае “асабістае і супольнае”. Канстытуцыя Lumen gentium адзначае, што Касцёл у вачах веры непахісна святы. Таму кожны чалавек у Касцёле пакліканы да святасці, якая “выяўляецца і павінна выяўляцца ў пладах ласкі, якую Дух Святы дае вернікам”, “выяўляецца ў розных формах у кожным з тых, хто імкнецца да дасканалай любові” ў сваім жыцці і ў жыцці іншых.
Менавіта гэтаму вучаць нас апошнія Папы, нагадаў кардынал Сэмерара. У апостальскай адгартацыі Gaudete et exsultate Францішак кажа, што для дасягнення святасці не абавязкова быць біскупам, святаром, манахам ці манахіняй. Мы ўсе пакліканы быць святымі, жывучы з любоўю і прапаноўваючы кожнаму сваё сведчанне ў паўсядзённых занятках.
Ян Павел II у Novo Millennio Ineunte пісаў, што ідэал дасканаласці, пра які нагадвае Другі Ватыканскі Сабор, не варта ўспрымаць як нейкае незвычайнае жыццё, на якое здольныя толькі некаторыя “геніі” святасці. Шляхі святасці разнастайныя і падыходзяць для паклікання кожнага.
Францішак у Gaudete et exsultate кажа пра святасць цярплівага народа Божага: бацькоў, якія гадуюць з любоўю сваіх дзяцей, мужчын і жанчын, якія працуюць, каб прынесці дамоў хлеб, хворых, сталых манахінь, якія працягваюць усміхацца, кажа пра святасць Касцёла, які цярпліва ідзе “наперад дзень за днём”, пра “святасць па суседству” таго, хто жыве побач з намі і з'яўляецца адлюстраваннем прысутнасці Бога, пра так званы “сярэдні клас святых”, - звярнуў увагу ў сваёй прамове прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі.