Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане прааналізуюць 400 гадоў евангелізацыйнай дзейнасці

16-18 лістапада 2022 года ў Папскім універсітэце Урбаніяна пройдзе навуковая канферэнцыя, прымеркаваная да 400-годдзя з дня заснавання Кангрэгацыі прапаганды веры.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Форум Euntes in mundum universum з’яўляецца нагодай для таго, каб паразважаць пра адносіны паміж місіяй і каланізацыяй і звярнуць увагу на патрэбы новай евангелізацыі, - зазначыў у каментары для Vatican News айцец Бэрнар Ардура, старшыня Папскага камітэта гістарычных навук.

Законнік нагадаў пра далікатную сувязь паміж місійнымі намерамі Касцёла і апартунізмам дзяржаў, якія бачылі ў місійным духу падтрымку сваіх каланізатарскіх мэтаў. Былі прыклады недахопу раўнавагі, але трэба звярнуцца да гістарычных крыніц і дакументаў таго часу, каб зразумець, што гэта рызыка была заўважнай адразу і што тагачасная Кангрэгацыя прапаганды веры імкнулася пазбегнуць такога змяшэння інтарэсаў, - сказаў ён.

Айцец Ардура звярнуў увагу на існаванне дакументаў, якія забаранялі місіянерам спавядаць ці прапаведваць на сваёй мове і абавязвалі іх вучыць мовы карэнных народаў. Ён нагадаў пра заклік Бэнэдыкта XV, які ў сваім Апостальскім лісце Maximum illud ад 30 лістапада 1919 года, заклікаў пераадолець усякую нацыяналістычную і этнацэнтрычную закрытасць, усякія кампрамісы ў абвяшчэнні Евангелля з каланіяльнымі ўладамі, з іх эканамічнымі і ваеннымі інтарэсамі.

Заснаванне Кангрэгацыі прапаганды веры ў 1622 годзе было выклікана неабходнасцю лепшай каардынацыі місіянерскай дзейнасці, каб зрабіць яе больш з’яднанай і канцэнтраванай, улічваючы вялікі рост колькасці місіянераў з розных манаскіх супольнасцей і дыяцэзіяльнага духавенства, задзейнічанага ў распаўсюджванні веры. “Кангрэгацыя павінна была ажыццяўляць каардынацыю і кіраванне місіянерскай дзейнасцю Касцёла, якая дагэтуль кантралявалася каталіцкімі кіраўнікамі Іспаніі і Партугаліі”, - сказаў ён.

Айцец Ардура распавёў, што заснаванне Кангрэгацыі было павольным працэсам, які распачаўся ў пантыфікат Грыгорыя ХІІІ (1572-1585), заклапочанага пытаннем уніі усходніх хрысціян з Рымам, асабліва славян, грэкаў, сірыйцаў, егіпцян і эфіопаў, і працягваўся ў пантыфікат Клімента VIII (1592-1605). Гэты працэс адбываўся ў Рымскай курыі, глыбока рэарганізаванай Сікстам V, кампетэнцыі якой, што спачатку належалі кансісторыю, перайшлі да спецыялізаваных Кангрэгацый.

“Такім чынам абарона і распаўсюджванне каталіцтва падштурхнулі Грыгорыя XV (1621-1623) заснаваць Кангрэгацыю, прызначаную клапаціцца выключна пра распаўсюджванне веры, як на землях, дзе знаходзіліся ўсходнія хрысціяне, адлучаныя ад Рыма, так і ў рэгіёнах, якія толькі даследваліся, асабліва таму, што Галандыя і Англія, ведучы гандль і каланіяльную экспансію, былі таксама гатовы распаўсюджваць паўсюль пратэстанцкае вучэнне”, - падзяліўся навуковец.

Ватыканскі гісторык нагадаў таксама, што ў 1967 годзе Павел VI перайменаваў Кангрэгацыю прапаганды веры ў Кангрэгацыю евангелізацыі народаў, а ў 2022 годзе, яна была аб’яднана з Папскай радай па новай евангелізацыі і стала называцца Дыкастэрыяй па евангелізацыі. Такім чынам Францішак хацеў падкрэсліць, што абвяшчэнне Евангелля тычыцца не толькі тэрыторый, якія яшчэ не былі евангелізаваны, але і тых, якія атрымалі абвяшчэнне на працягу стагоддзяў, але дзе адчуваецца патрэба ў новай евангелізацыі людзей, што жывуць сёння ў новых культурах, часта сфармаваных па-за хрысціянскімі каштоўнасцямі, - сказаў айцец Ардура.
 

16 лістапада 2022, 12:44