Арцыбіскуп Галахер: дыялог патрабуе ахвяры ад усіх
Марыя Валодзіна - Vatican News
Наладзіць дыялог нават коштам “ахвяры” з боку кожнага, а таксама аднавіць дух Хельсінскай канферэнцыі, якому здрадзілі задоўга да 24 лютага, - з такім зваротам арцыбіскуп Пол Рычард Галахер звярнуўся да ўдзельнікаў 29-га пасяджэння Савета Міністраў АБСЕ. Сустрэча адбылася 1 снежня 2022 года ў Лодзі, у гістарычны момант, калі, па словах дыпламата, “Еўропа і ўвесь свет узрушаныя вайной асаблівай сур'ёзнасці з пункту гледжання парушэння міжнароднага права, рызыкі ядзернай эскалацыі і сур'ёзных эканамічных і сацыяльных наступстваў”.
Канфлікт ва Украіне – не адзіная драма, якая пераследуе свет. “Іншыя дзяржавы-удзельніцы па-ранейшаму сутыкаюцца са шматлікімі выклікамі сваёй бяспецы і стабільнасці з-за канфліктаў, якія цягнуцца дзесяцігоддзямі, а таксама з-за тэрарыстычных нападаў”, - падкрэсліў арцыбіскуп Галахер. Ён пацвердзіў актыўную прыхільнасць Святога Пасаду “дасягненню міру, бяспекі і справядлівасці, а таксама далейшаму развіццю сяброўскіх адносін і супрацоўніцтва” паміж дзяржавамі-удзельніцамі АБСЕ.
Гэта тая ж самая пазіцыя, якую ў 1975 годзе прадэманстраваў Святы Пасад падчас перамоваў на канферэнцыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, якія прывялі да заключэння Хельсінскага пагаднення паміж 35 дзяржавамі. Іерарх узгадаў гэтую падзею, задаўшы прысутным у Лодзі важнае пытанне: Як мы маглі здрадзіць духу Хельсінскага пагаднення? Гэтая здрада, па яго словах, “пачалася задоўга да мінулага лютага”.
Сакратар па адносінах з дзяржавамі ўзгадаў эпоху халоднай вайны, калі “Усход і Захад былі падзеленыя радыкальным адрозненнем або непрымірымасцю сваіх сістэм, абвяшчаючы ўласныя перакананні”. Гэтая сцяна, якая здавалася непераадольнай, была пераадоленая: “Нашы папярэднікі сабраліся ў Хельсінкі за сталом і здолелі абмеркаваць тэмы, якія ўяўлялі агульны інтарэс, прымаючы і выконваючы абавязацельствы па служэнню агульнаму дабру. Чым пазней міжнародная супольнасць пачынае выконваць свае агульныя абавязкі, тым больш даверу яна губляе”, - адзначыў арцыбіскуп Галахер.
Першым крокам, па яго словах, з'яўляецца “асуджэнне злачынстваў і парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага права”. Арганізацыя, якая займаецца супрацоўніцтвам і бяспекай, павінна “зрабіць крок наперад”, каб аднавіць мір, - заўважыў дыпламат. “Дыялог патрабуе ахвяр ад усіх. Хоць дыялог і здаецца менш слаўным, чым барацьба на полі бою, яго вынікі значна больш каштоўныя для кожнага зацікаўленага боку, таму што дыялог спараджае рашэнні, якія не навязваюцца сілай, але з’яўляюцца ўзгодненымі, справядлівымі і стабільнымі”, - сказаў Галахер.
Ён выказаў занепакоенасць становішчам бежанцаў і перамешчаных асоб: “У канфліктных сітуацыях і гуманітарных крызісах злачынцы занявольваюць людзей і гандлююць імі”. Большасць ахвяр састаўляюць жанчыны і дзяўчынкі. Праблема, на жаль, у тым, што “сусветныя грамадствы яшчэ далёкія ад выразнага адлюстравання таго факту, што жанчыны валодаюць той жа годнасцю і тымі ж правамі, што і мужчыны”.
Іерарх адзначыў таксама рост нецярпімасці і дыскрымінацыі, матываваных антысемітызмам і прадузятасцю ў дачыненні да мусульман, хрысціян і прадстаўнікоў іншых рэлігій. У прыватнасці, расце пераслед хрысціян “з-за ўсё больш варожай атмасферы” не толькі ў краінах, дзе яны ў меншасці. Хрысціяне пераследуюцца нават там, дзе яны складаюць большасць насельніцтва, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасада і заклікаў да вырашэння гэтай праблемы.