Біяграфія Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI
Яго бацька, камісар паліцыі, паходзіў са старажытнага сялянскага роду з Паўднёвай Баварыі. Маці была дачкой рамеснікаў з Рымстынга і да шлюбу працавала кухаркай у гатэлях.
Дзяцінства і юнацтва Ёзэф правёў у Траўнштайне, мястэчку ля мяжы з Аўстрыяй, за 30 кіламетраў ад Зальцбурга. У гэтай атмасферы, якую ён сам называў “моцартаўскай”, атрымаў сваё чалавечае, культурнае і хрысціянскае выхаванне.
Гэта быў нялёгкі перыяд яго юнацтва. Вера і выхаванне ў сям’і падрыхтавалі яго да цяжкага досведу, які ён атрымаў, калі нацысцкі рэжым падтрымліваў атмасферу варожасці да Каталіцкага Касцёла. Малады Ёзэф стаў сведкам таго, як нацысты збілі пробашча перад св. Імшой. Менавіта ў гэтай складанай сітуацыі ён пачаў адкрываць прыгажосць і праўду веры ў Хрыста. Фундаментальную ролю ў гэтым мела яго сям’я, якая заўсёды сведчыла пра дабрыню і надзею, укаранёныя ў свядомай прыналежнасці да Касцёла. Да верасня 1944 г. Ратцынгер быў залічаны ў дапаможныя супрацьпаветраныя войскі.
З 1946 г. па 1951 г. вывучаў філасофію і тэалогію ў Вышэйшай школе філасофіі і тэалогіі ў Фрайзінгу і ў Мюнхенскім універсітэце. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 29 чэрвеня 1951 г. і ўжо праз год стаў выкладчыкам Вышэйшай школы ў Фрайзінгу.
У 1953 г. абараніў дактарат па тэалогіі на тэму “Народ і Божы дом у вучэнні аб Касцёле св. Аўгустына”. Праз чатыры гады пад кіраўніцтвам вядомага выкладчыка фундаментальнай тэалогіі Готліба Зенгена абараніў дысертацыю на тэму “Тэалогія гісторыі св. Банавентуры” і атрымаў дазвол на выкладанне ва ўніверсітэце.
Працягнуў сваю выкладчыцкую дзейнасць у Боне – з 1959 па 1963 гг., Мюнстэры – з 1963 па 1966 г.; Цюбінгене – з 1966 па 1969 гг. У 1969 г. стаў прафесарам дагматыкі і гісторыі дагматыкі ў Рэгенсбургскім універсітэце, дзе заняў пасаду віцэ-рэктара.
З 1962 па 1965 г. у якасці тэалагічнага кансультанта кардынала Ёзэфа Фрынгса, арцыбіскупа Кёльнскага, удзельнічаў у працы Другога Ватыканскага Сабора. Займаў важныя пасады ў Канферэнцыі Біскупаў Германіі і Міжнароднай тэалагічнай камісіі.
У 1972 г. разам з Гансам Урсам фон Бальтазарам, Анры дэ Любакам і іншымі тэолагамі ён пачаў выдаваць тэалагічны часопіс “Communio”.
25 сакавіка 1977 г. папа Павел VI прызначыў Ратцынгера арцыбіскупам Мюнхенска-Фрайзінгскім. Ён стаў першым за 80 гадоў дыяцэзіяльным святаром, якому было даручана кіраўніцтва вялікай баварскай архідыяцэзіяй. У якасці біскупскага дэвіза ён выбраў словы: “Супрацоўнік праўды”, падкрэсліўшы сувязь паміж сваёй папярэдняй навуковай дзейнасцю і новай місіяй. “З іншага боку, я выбраў гэты дэвіз, паколькі ў сучасным свеце тэма праўды амаль цалкам ігнаруецца. Сапраўды, яна ўспрымаецца як нешта занадта высокае для чалавека, нягледзячы на тое, што ўсё псуецца, калі праўда адсутнічае”, - казаў ён.
Павел VI надаў яму кардынальскую годнасць з тытулярным касцёлам Санта-Марыя-Дэла-Кансалатрычэ-Аль-Цібурціна падчас кансісторыя, які прайшоў 27 чэрвеня 1977 г.
У 1978 г. кардынал Ратцынгер прымаў удзел у канклаве, які праходзіў з 25 па 26 жніўня, у выніку якога быў выбраны Ян Павел І. Гэты Папа прызначыў яго сваім спецыяльным легатам на ІІІ Міжнародны марыялагічны кангрэс, што праходзіў з 16 па 24 верасня ў эквадорскім Гуаякіль. У кастрычніку таго ж года ён прымаў удзел у канклаве, на якім выбралі Яна Паўла ІІ.
Быў рэлятарам V Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў, якая праходзіла ў 1980 г. на тэму: “Місія хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце” і Старшынёй-дэлегатам на VI Звычайнай генеральнай асамблеі ў 1983 г. на тэму: “Прымірэнне і пакаянне ў місіі Касцёла”.
25 лістапада 1981 г. Ян Павел ІІ прызначыў нямецкага іерарха і вядомага тэолага прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, старшынёй Папскай біблійнай камісіі і Міжнароднай тэалагічнай камісіі. 15 лютага 1982 г. кардынал Ратцынгер пакінуў пастырскае кіраўніцтва Мюнхенска-Фрайзінгскай архідыяцэзіяй. 5 красавіка 1993 г. атрымаў годнасць кардынала-біскупа субурбікарнай дыяцэзіі Вэлетры-Сэньі.
Быў старшынёй Камісіі па падрыхтоўцы Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які выйшаў праз шэсць гадоў працы.
6 лістапада 1998 г. Ян Павел ІІ ухваліў яго абранне віцэ-дэканам Калегіі кардыналаў, а 30 лістапада 2002 г. – дэканам Калегіі кардыналаў з наданнем яму тытула субурбікарнай дыяцэзіі Остыя.
З 13 лістапада 2000 г. кардынал Ратцынгер стаў ганаровым акадэмікам Папскай акадэміі навук.
У Рымскай курыі ён быў членам Рады Дзяржаўнага сакратарыята па адносінах з дзяржавамі, Кангрэгацый: Усходніх Касцёлаў, Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, па справах біскупаў, евангелізацыі народаў, каталіцкай адукацыі, па справах духавенства і кананізацыі; Папскіх радаў: спрыяння хрысціянскаму адзінству і культуры; Вышэйшага Трыбунала Апостальскай Сігнатуры; Папскіх камісій: па справах Лацінскай Амерыкі, “Ecclesia Dei”, па інтэрпрэтацыі Кодэкса кананічнага права і па пераглядзе Кодэкса ўсходняга кананічнага права.
Сярод яго шматлікіх літаратурных опусаў асаблівае месца займаюць кнігі: “Уводзіны ў хрысціянства” – зборнік універсітэцкіх лекцый аб Апостальскім сімвале веры, апублікаваны ў 1968 г.; “Дагмат і прапаведаванне” (1973 г.) – анталогія тэкстаў, гамілій і разважанняў, прысвечаных душпастырству.
Вялікі рэзананс мела прамова Ратцынгера ў Баварскай акадэміі на тэму “Чаму я яшчэ ў Касцёле”, у якой, з уласцівай яму яснасцю, ён сцвердзіў: “Толькі ў Касцёле, а не па-за Касцёлам, магчыма быць хрысціянінам”.
Выйшла шмат іншых яго публікацый, якія сталі пунктам апоры для многіх людзей, асабліва для тых, хто хацеў паглыбіць свае веды ў тэалогіі. У 1985 г. выйшла кніга-інтэрв’ю “Справаздача аб веры”, а ў 1996 г. – кніга-інтэрв’ю “Соль зямлі”. У 70-годдзе кардынала выйшла кніга “У школе праўды”, у якой розныя аўтары адлюстравалі шматлікія аспекты яго асобы і дзейнасці.
Бэнэдыкт XVI быў ганаровым доктарам многіх універсітэтаў: каледжа св. Тамаша і Паўла ў амерыканскай Менісоце; Перуанскага каталіцкага ўніверсітэта ў Ліме; Каталіцкага ўніверсітэта ў нямецкім Айхштэце; Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта; Наварскага ўніверсітэта ў Іспаніі, Рымскага Свабоднага Універсітэта Найсвяцейшай Марыі Унебаўзятай; Тэалагічнага факультэта Вроцлаўскага ўніверсітэта.