На плошчы святога Пятра заззяла калядная ёлка
Марыя Валодзіна – Vatican News
Увечары 3 снежня 2022 года ў Ватыкане адбылася цырымонія інаўгурацыі ясляў Божага нараджэння і вялікай святочнай ёлкі, на якую прыбылі дэлегацыі італьянскіх рэгіёнаў Фрыулі-Венецыя-Джулія і Абруца, а таксама Гватэмалы.
Дзень выдаўся дажджлівым, таму ўдзельнікі святочнай цырымоніі сабраліся ў зале Паўла VI. Цырымонію ўзначаліў кардынал Фэрнанда Вергэс Альсага, Старшыня Губернатарату Дзяржавы Ватыкан. У сваёй прамове ён адзначыў, што ёлка і яслі, усталяваныя на плошчы святога Пятра, паходзяць з геаграфічна аддаленых паміж сабой і, адначасова, блізкіх мясцовасцяў, дзе свята Божага нараджэння захоўвае сваё глыбокае значэнне. Кардынал завяршыў сваю прамову пажаданнем, каб мір і любоў перамаглі гвалт, і заклікаў несці паўсюль добрую навіну аб нараджэнні Збаўцы.
Сястра Рафаэла Пэтрыні, Генеральны сакратар Губернатарату Дзяржавы Ватыкан, адзначыла, што Божае нараджэнне рассейвае цемру граху, каб праліць на чалавецтва радасць зіхатлівага чароўнага святла, сімвалам якога з'яўляецца ёлка. “Дазволім, каб і нас ахапіла святло Яго праўды”, – заклікала яна, выказаўшы надзею на тое, што падчас святочнага перыяду нас будуць суправаджаць пачуццё адраджэння і імкненне да братэрства.