Нунцый ва Украіне: для нас кожны дзень – гэта ўжо свята
Ян Глінскі
Па словах прадстаўніка Папы, гэты год адзначыўся большай зацікаўленасцю тым, дзе будуць праходзіць святочныя Імшы: “Падчас вайны можа аказацца, што для людзей, якія раней не практыкавалі веру, важна адзначаць святы з малітвай і ў касцёлах. Я ўбачыў гэтую зацікаўленасць”.
Сёлетнія святы іерарх акрэсліў як цяжкія, балесныя і сімвалічныя. “Кожны дзень для мяне – гэта ўжо свята. Кожны дзень мы ўдзячныя Богу, што яшчэ жывем у сваіх дамах, а не як людзі ў Марыупалі, Севераданецку і ў іншых месцах, – адзначыў нунцый. – У гэтым годзе Божае Нараджэнне балеснае. Мы ведаем, як шмат людзей загінула, колькі страціла сваіх блізкіх, колькі не ў стане забяспечыць сабе ацяпленне, знайсці ваду ці ежу. Падчас літургіі я маліўся асабліва за іх: за тых, хто не можа адзначаць святаў Божага Нараджэння, яднаючыся з імі духоўна. Я таксама яднаўся са святарамі, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі. Некаторыя з нашых каталіцкіх святароў у няволі”.
Сімвалічнасць гэтых святаў ацрыбіскуп Кульбокас бачыць у іх падабенстве да выпрабаванняў, якія зведала Святая Сям’я ў Бэтлееме. “Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме, Яго сустрэлі толькі Марыя, Юзаф, анёлы і пастушкі. Святкуючы Божае Нараджэнне ў цяжкой сітуацыі, мы можам адчуць складанасць сітуацыі, якую перажыла Святая Сям’я. Для мяне не толькі святы, а кожны дзень з’яўляецца інтэнсіўным духоўным досведам. Падчас вайны мы не маем ніякіх гарантый. Ніякіх гарантый жыцця, святла ці ежы, ні таго, што заўтра зможам тут застацца. Кожная хвіліна тленная. Але Пан заўсёды з намі: Ён усё ведае, усё бачыць. Таму гэты досвед яшчэ больш набліжае нас да Езуса. Прынамсі дапамагае больш інтэнсіўна Яго шукаць”, – сцвердзіў Апостальскі нунцый ва Украіне.