Прадстаўнік Ватыкана ў ААН нагадаў пра здароўе дзяцей
Марыя Валодзіна - Vatican News
Апостальскі нунцый і Пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў жэнеўскім бюро ААН прыняў удзел у Дыялогу высокага ўзроўню па ацэнцы прагрэсу і ўзмацнення прыхільнасці пашырэнню маштабаў прафілактыкі, дыягностыкі і лячэння дзяцей, якія пакутуюць ад ВІЧ і туберкулёзу. Форум адбыўся 5 снежня 2022 года ў Рыме.
У сваёй прамове іерарх нагадаў, што Езус лячыў хворых (Мц 9, 35), а першыя хрысціянскія супольнасці прызначалі дыяканаў для клопату пра ўдоў і сірот (Дз 6, 1-7). Гэтая практыка ў канчатковым выніку прывяла Касцёл да стварэння шырокага спектру структур, якія клапоцяцца пра найбольш уразлівых членаў чалавечай сям'і, незалежна ад этнічнай прыналежнасці, нацыянальнасці, расы або рэлігіі. Прыярытэтную ўвагу Святы Пасад надае задавальненню патрэб дзяцей, асабліва хворых і не абароненых бацькамі або апекунамі.
Паводле статыстычнай справаздачы Святога Пасаду за 2022 год, у свеце дзейнічае амаль 20 тысяч бальніц і дыспансераў, большасць з якіх аказваюць спецыялізаваную акушэрскую і педыятрычную дапамогу, а таксама каля 20 тысяч службаў па дапамозе дзецям, якія працуюць пад эгідай мясцовых Касцёлаў. Шэраг гэтых структур заклікаў да пашырэння больш эфектыўных і лёгкадаступных дыягнастычных інструментаў і медыкаментаў для лячэння ВІЧ і туберкулёзу ў дзяцей, і гэта прывяло да распрацоўкі Рымскага плана дзеянняў у гэтай галіне.
Арцыбіскуп Нвачукву нагадаў, што Папа Францішак і яго папярэднікі паслядоўна падкрэслівалі неабходнасць выканання правоў чалавека ў галіне аховы здароўя і медыцынскай дапамогі, а прадстаўнікі Святога Пасаду пры ААН карыстаюцца любым выпадкам, каб нагадваць аб абавязацельствах у галіне аховы здароўя падчас адпаведных міжурадавых сустрэч.
Дыпламат выказаў спадзяванне на тое, што рымскі дыялог умацуе рашучасць міжнароднай супольнасці забяспечваць раннюю дыягностыку і лячэнне дзяцей, якія жывуць з ВІЧ і туберкулёзам, а таксама прафілактыку іх заражэння, дзякуючы медыцынскай дапамозе цяжарным жанчынам.