Арцыбіскуп Гуджэроці заступіў на пасаду прэфекта

16 студзеня 2023 года арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці распачаў служэнне ў якасці прэфекта Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У штаб-кватэры Дыкастэрыі ў рымскім Palazzo dei Convertendi новага кіраўніка прывіталі арцыбіскуп-сакратар Джорджа Дэметрыа Галара і падсакратар, ксёндз Флавіа Пачэ, з якім ён каротка паразмаўляў перад тым, як адправіцца ў залу пасяджэнняў, дзе сустрэўся з супрацоўнікамі.

Затым у Зале гонару ў прысутнасці прадстаўнікоў Патрыярхаў і Вярхоўных архіепіскапаў пры Святым Пасадзе, рэктараў Усходніх калегіумаў, генеральных і рэгіянальных настаяцеляў мужчынскіх і жаночых ордэнаў усходняга абраду, прысутных у Рыме, рэктара Папскага ўсходняга інстытута і кансультантаў дыкастэрый быў праспяваны гімн Veni Creator Spiritus і зачытаны ліст Святога Айца з прызначэннем арцыбіскупа Гуджэроці на пасаду.

Затым новы прэфект склаў вызнанне веры і прысягу на вернасць, а затым скіраваў словы прывітання да прысутных, выказваючы перш за ўсё ўдзячнасцю і сыноўнюю адданасць Святому Айцу.

Напрыканцы, пасля благаслаўлення, якое суправаджалася спевам марыйнага антыфона Alma Redemptoris Mater, новы прэфект асабіста прывітаў прысутныя дэлегацыі.

Францішак прызначыў арцыбіскупа Гуджэроці прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў 21 лістапада 2022 года. З 2020 года ён быў Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі.

Іерарх добра ведае спецыфіку свайго цяперашняга служэння, бо раней, з 1985 года працаваў у Кангрэгацыі па справах Усходніх Цэркваў. Таксама яго дыпламатычная дзейнасць была звязана з рэгіёнамі, дзе прысутнічаюць вернікі ўсходніх абрадаў: з 2001 года ён быў апостальскім нунцыем у Арменіі і Грузіі, у 2011-2015 гадах – у Беларусі, а затым, на працягу амаль пяці гадоў, узначальваў папскую дыпламатычную місію ва Украіне.
 

17 студзеня 2023, 09:35