Рэкалекцыі для Рымскай курыі – ізноў у індывідуальным фармаце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У паведамленні Залы Друку Святога Пасада гаворыцца, што Папа запрасіў кардыналаў, якія пражываюць у Рыме, кіраўнікоў дыкастэрый і кіраўнічы персанал Рымскай курыі да правядзення асабістых духоўных практыкаванняў, прысвячаючы час на малітву і разважанні, з нядзелі 26 лютага да пятніцы 3 сакавіка 2023 года.
У гэтыя дні не будзе публічных мерапрыемстваў з удзелам Папы, у тым ліку агульнай аўдыенцыі ў сераду 1 сакавіка.
Нагадаем, што раней рэкалекцыі для Рымскай курыі праводзіліся за межамі Ватыкана. Падчас пантыфікату Францішка, у гады перад пандэміяй, яго бліжэйшыя супрацоўнікі адпраўляліся ў мясцовасць Арыча, недалёка ад Рыма.
Традыцыю ўвёў у 1929 годзе Пій ХІ. Спачатку духоўныя практыкаванні праходзілі толькі ў перыяд Адвэнту, а з часоў пантыфікату Паўла VI – таксама і ў Вялікім посце. Менавіта гэты Папа ўвёў традыцыю запрашэння рэкалекцыяністаў не толькі з ліку супрацоўнікаў Рымскай курыі.
Вялікі пост у 2023 годзе пачынаецца 22 лютага, Вялікдзень католікі адзначаць 9 красавіка.