У Ватыкане адкрываецца Школа мастацтваў і рамёстваў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Плануецца, што 6-месячны вучэбны курс будзе складацца з цыклаў лекцый, семінараў, экскурсій і даследаванняў у розных кутках Італіі. Выкладчыцкі склад уключае супрацоўнікаў Фабрыкі святога Пятра, выкладчыкаў італьянскіх і замежных універсітэтаў, а таксама майстроў з вялікім досведам, якія падзеляцца з вучнямі сваімі практычнымі ведамі, а таксама любоўю да ватыканскай базылікі.
Як адзначыў кардынал Маўра Гамбэці, архіпрэсбітэр базылікі святога Пятра і кіраўнік ватыканскага фонду Fratelli tutti: “Мы імкнемся да цэласнага навучання, з духоўным, культурным вымярэннем, з этыкай і клопатам пра грамадскае жыццё.”
У школе будуць вывучацца традыцыйныя рамёствы, адаптаваныя да сучасных тэхналогій. Тэарэтычныя заняткі будуць праводзіцца ў спецыяльна абсталяваных класах, а лабараторныя заняткі – у майстэрнях, дзе навучэнцы будуць мець магчымасць практыкавацца і працаваць у цесным супрацоўніцтве з майстрамі Фабрыкі святога Пятра. Гэта старажытная структура Рымскай курыі вось уже больш за пяць стагоддзяў займаецца захаваннем, рэстаўрацыяй і кіраваннем такім унікальным будынкам, як ватыканская базыліка.
Адбор навучэнцаў быў праведзены з дапамогай тэсціравання, а таксама размовы, падчас якой разглядаліся і ўлічваліся асабістая матывацыя кандыдатаў. Усе яны маюць мастацкую альбо тэхнічную адукацыю.
Навучанне ў школе бясплатнае. Падчас вучобы студэнты будуць жыць у рэзідэнцыі Віла Аўрэлія (Villa Aurelia) непадалёк ад Ватыкана.
Інфармацыю аб наступным прыёме ў Школу мастацтваў і рамёстваў Фабрыкі святога Пятра можна атрымаць у сакратарыяце (scuola.artiemestieri@fsp.va).