Падчас сустрэчы Францішка з Феадорам ІІ Падчас сустрэчы Францішка з Феадорам ІІ  (Vatican Media)

Візіт Патрыярха Александрыйскага ў Ватыкане

Праваслаўны Патрыярх Александрыі і ўсяе Афрыкі Феадор ІІ 21 студзеня 2023 года наведаў Ватыкан і сустрэўся з Францішкам. Зала Друку Святога Пасада не паведаміла падрабязнасцей.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На сайце Патрыярхату паведамляецца, што сустрэча адбылася на запрашэнне Папы. Мэтай візіту Патрыярха была прэзентацыя “шматграннай місіянерскай і гуманітарнай працы, якую старажытны Александрыйскі Патрыярхат вядзе на ўсім Афрыканскім кантыненце”. Сустрэча таксама дала магчымасць абмяняцца думкамі, паразважаць і ўнесці прапановы адносна “актуальных, аб'ектыўных праблем, а таксама перашкод, створаных для місіі”. Былі абмеркаваны важныя праблемы, якія характарызуюць сучасны свет, міжнародныя адносіны і няпростае жыццё многіх народаў.

Папа і Патрыярх засяродзіліся на праблемах беднасці і галечы, змены клімату, міграцыйных рухаў, абароны правоў чалавека і сацыяльнай няроўнасці, абароны правоў дзяцей і жанчын, рэлігійнага фундаменталізму. Яны надалі асаблівую ўвагу пашырэнню салідарнасці і братэрства паміж народамі.
 

25 студзеня 2023, 11:35