Арцыбіскуп Гуджэроці здзейсніць візіт у Сірыю і Турцыю
Марыя Валодзіна - Vatican News
Арцыбіскуп Гуджэроці наведае Алепа, Дамаск і Стамбул. Мэта падарожжа – засведчыць блізкасць Папы да насельніцтва рэгіёнаў, пацярпелых ад нядаўняга землятрусу, а таксама сустрэцца з мясцовымі біскупамі і прадстаўнікамі дабрачынных арганізацый. Яшчэ адна задача паездкі – каардынацыя ініцыятыў па аказанні дапамогі і праектаў па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі, запланаваных на бліжэйшыя месяцы.
Чакаецца, што 17 лютага прэфект наведае цэнтры дапамогі ахвярам землятрусу ў Алепа, а ўвечары прыме ўдзел у Святой Імшы ў мясцовай каталіцкай парафіі. Таксама запланавана сустрэча з каталіцкімі і праваслаўнымі біскупамі і некаторымі мусульманскімі лідарамі.
На другі дзень падарожжа арцыбіскуп Гуджэроці сустрэнецца з супрацоўнікамі і валанцёрамі дабрачынных арганізацый, якія працуюць у рэгіёне, а таксама з дэлегатамі Біскупскай камісіі па міласэрным служэнні, нядаўна створанай у Сірыі. Далей запланавана наведванне мячэці, якая дае прытулак пацярпелым ад землятрусу, і літургія ў грэка-мелхіцкай катэдры.
Пасля сустрэчы з супольнасцю сясцёр Маці Тэрэзы, іерарх адправіцца ў сталіцу Сірыі Дамаск, дзе на наступную раніцу, 20 лютага, адбудзецца сустрэча з каталіцкімі і некаталіцкімі патрыярхамі і біскупамі.
У другой палове дня ватыканская дэлегацыя, у склад якой, акрамя прэфекта, уваходзяць некалькі супрацоўнікаў дыкастэрыі, адправяцца праз Бейрут у Стамбул, дзе раніцай 21 лютага адбудзецца сустрэча з біскупамі Турцыі і старшынямі аддзяленняў Карытас. Чакаецца, што вечарам 21 лютага дэлегацыя вернецца ў Рым.