Галахер: Касцёл дапамагае захаваць мару пра мір ва Украіне
Марыя Валодзіна - Vatican News
Дыпламатыя Святога Пасада кіруецца, перш за ўсё, ініцыятывай Святога Айца, які штотыдзень заклікае да міру ва Украіне, - адзначыў Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Святы Пасад заўсёды імкнецца звяртаць увагу на “жорсткасць гэтай вайны, якая працягваецца цаной шматлікіх ахвяр, шматлікіх смерцяў, параненых, разлучаных сем'яў”.
Роля ватыканскай дыпламатыі, на думку арцыбіскупа Галахера, заключаецца ў тым, каб “заўсёды захоўваць пэўную адкрытасць да ўдзельнікаў магчымых перамоў, якія павінны пакласці канец гэтай жудаснай вайне”. Касцёл, Святы Пасад і Святы Айцец могуць і павінны казаць пра дыялог і прымірэнне, і гэта вельмі важна: захаваць мару пра мір, - зазначыў іерарх. “Мы разумеем, як цяжка, у гэты момант пакут, думаць пра мір у гэтых катэгорыях, - дадаў ён. - Але хтосьці павінен гэта рабіць, таму што ў рэшце рэшт прыйдзе канец гэтай жудаснай вайны, і мы спадзяемся, што гэты адбудзецца хутка”.
На пытанне аб тым, чым вайна ва Украіне адрозніваецца ад іншых, дыпламат адказаў так: “Трэба сказаць, што гэта вайна ідзе ў Еўропе. Мы, еўрапейцы, пасля досведу Другой сусветнай вайны думалі, што вайны больш ніколі не будзе, а цяпер мы бачым іншую рэальнасць”. Ён падкрэсліў, што ваююць дзве краіны, якія “падзяляюць доўгую гісторыю, шматлікія культурныя аспекты, у тым ліку і ў рэлігійным вымярэнні. Гэта робіць вайну асабліва праблематычнай.” “Усе войны жудасныя, але гэтая вайна ставіць нас у вельмі складанае для ўсіх становішча, таму што, хоць і прызнаючы сур'ёзнасць дзеянняў Расіі, мы бачым, што Расія – вельмі важная краіна, краіна з доўгай гісторыяй, і ў канчатковым выніку мы будзем павінны аднаўляць мір, аднаўляць стасункі з гэтай Расіяй у будучыні”, - сказаў дыпламат.
Арцыбіскуп Галахер узгадаў свой візіт ва Украіну ў мінулым траўні, які аказаў на яго “вельмі глыбокі ўплыў”. “Калі бачыш тое, што я ўбачыў у Бучы і ў іншых мясцовасцях, факты, ісціну пра вайну, пакуты народа, гэта не можа не пакінуць глыбокага следу”, - падзяліўся ён.
Дыпламат лічыць, што прысутнасць Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокаса ў Кіеве на працягу ўсяго перыяду вайны гаворыць пра жаданне Святога Пасада “падзяліць пакуты ўкраінскага народа”. “Мы ўсе ганарымся арцыбіскупам Вісвальдасам, які разам са сваімі супрацоўнікамі вельмі мужна, з вялікай рашучасцю ажыццяўляе гэтую місію”, - адзначыў ён.
На пытанне аб тым, як украінскі народ можа імкнуцца да міру падчас агрэсіі, арцыбіскуп Галахер адказаў: “Я не сумняваюся ў тым, што ўсе ўкраінцы мараць пра мір. Гэта заканамерна. Калі бацькі і маці глядзяць на сваіх дзяцей, то спадзяюцца, што яны змогуць расці ў мірнай краіне. Яны павінны захаваць гэтую мару, нягледзячы на пакуты, нягледзячы на цяжкасці, нягледзячы на відавочна балючыя адносіны з Расіяй і з рускімі ў гэты момант”. Памятаючы пра гады свабоды, пра мірныя гады пасля здабыцця незалежнасці, украінцы павінны захаваць погляд у будучыню, пазначаны пэўным аптымізмам, імкнуцца ўжо цяпер думаць аб аднаўленні краіны, - сказаў напрыканцы інтэрв'ю глава ватыканскай дыпламатыі.