Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Грэк: Сінод – магчымасць разам слухаць Святога Духа

Сінадальны Касцёл – гэта Касцёл, які слухае, - нагадаў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў кардынал Марыа Грэк падчас інаўгурацыйнай сесіі Еўрапейскай асамблеі Кантынентальнага этапу Сінода Біскупаў.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Форум праходзіць з 5 па 9 лютага 2023 года. У ім бяруць удзел каля 200 чалавек. 156 з іх з’яўляюцца дэлегатамі ад 39 епіскапатаў, чальцоў CCEE. Беларусь на сустрэчы прадстаўляюць біскуп Аляксандр Яшэўскі і ксёндз Віктар Гайдукевіч, адпаведна старшыня і супрацоўнік мясцовай Сінадальнай камісіі.

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў спаслаўся на словы Папы, адзначаючы, што кантынентальны этап – гэта апошняя магчымасць выслухаць адзін аднаго перад паўсюдным пасяджэннем Сінода, дзякуючы якой кожны можа нечаму навучыцца: свецкія вернікі, біскупы і Папа. Адны слухаюць іншых, а ўсе разам слухаюць Святога Духа, каб зразумець, што Ён кажа Касцёлу, - абагульніў іерарх.

На думку кардынала Грэка, поспех усяго працэсу залежыць ад актыўнага ўдзелу Божага народа і яго пастыраў, а таксама ад супрацоўніцтва паміж імі. Ён заўважыў, што sensus fidei (пачуццё веры) усіх ахрышчаных не супярэчыць munus docendi (настаўніцкаму заданню), якое ўскладзена на біскупаў.

Гэты “дынамізм камуніі” з’яўляецца плёнам сінадальнага досведу, нягледзячы на першапачатковыя асцярогі, што актыўны ўдзел Божага народа ў жыцці Касцёла можа нанесці шкоду іерархічнаму служэнню. Аказалася, што, наадварот, ён узмацняе яго і паказвае сваю незаменную ролю ў Касцёле, - перакананы кардынал.

Ватыканскі іерарх падкрэсліў, што “слухаць адно аднаго, каб пачуць, што Святы Дух кажа Касцёлу” – гэта не рытарычнае заданне, не марнаванне часу, якое спрыяе палеміцы. Падчас Сінода аб сінадальнасці і ў сінадальным Касцёле мы хочам, каб выспеў сапраўдны кансэнсус, - сказаў ён, дадаючы, што па гэтай прычыне трэба быць уважлівымі да галасоў, якія гучаць у Касцёле. А для тых, хто не мог ці не хацеў выказацца, трэба стварыць прастору, дзе яны маглі б гэта зрабіць і адчуць сябе пачутымі.

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў зазначыў, што не ўсе шматлікія праблемы, узнятыя ў працоўным дакуменце кантынентальнага этапа будуць прадметам абмеркавання падчас паўсюднага пасяджэння Сінода Біскупа, якое мае дакладную тэму: На карысць сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія. Працоўны дакумент ватыканскай сесіі паўстане на аснове выніковых дакументаў кантынентальных асамблей.
 

07 лютага 2023, 09:06