Ксёндз Маўра Мантавані Ксёндз Маўра Мантавані 

Новы прэфект Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі

Папа прызначыў прэфектам Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі ксяндза Маўра Мантавані, які апошнія гады быў дэканам філасофскага факультэта Папскага салезіянскага ўніверсітэта ў Рыме.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

67-гадовы салезіянін мае дзве доктарскія ступені – па філасофіі і літаратуры (абараніў у Папскім універсітэце Саламанкі ў Іспаніі), а таксама па тамістычнай тэалогіі (абараніў у Папскім універсітэце святога Тамаша Аквінскага – Angelicum, у Рыме). З 2007 года з’яўляецца выкладчыкам Папскага салезіянскага ўніверсітэта, дзе займаў пасады дэкана філасофскага факультэта, дэкана факультэта сацыяльных камунікацый, віцэ-рэктара і рэктара. Уваходзіць у склад Папскай акадэміі святога Тамаша Аквінскага і Навуковага камітэта Агенцтва Святога Пасада па ацэнцы і павышэнню якасці касцёльных універсітэтаў і факультэтаў (AVEPRO).

Апостальская бібліятэка была заснавана па ініцыятыве Мікалая V і Сікста IV у другой палове XV стагоддзя. На сённяшні дзень тут захоўваецца больш за 1,5 мільёна старажытных і сучасных кніг, больш за 8 тысяч інкунабул, каля 150 тысяч манускрыптаў, каля 300 тысяч манет і медалёў і каля 20 тысяч твораў мастацтва.
 

14 лютага 2023, 12:11