Новы сакратар Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў
Марыя Валодзіна - Vatican News
15 лютага 2023 года Францішак прызначыў сакратаром Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў айца Мішэля Джалаха, які да гэтага часу быў рэктарам Універсітэта святога Антонія ў Баабдзе (Ліван).
Мішэль Джалах нарадзіўся ў 1966 годзе ў Ліване. У 1991 годзе атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў Маранітскім ордэне святога Антонія. З 2000 па 2008 год працаваў у сакратарыяце былой Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Абараніў дактарат у Папскім Усходнім Інстытуце. З 2013 па 2018 год быў генеральным сакратаром Блізкаўсходняй Рады Цэркваў, з'яўляецца членам Камісіі па экуменічных адносінах Асамблеі каталіцкіх патрыярхаў і біскупаў Лівана.
Дыкастэрыю па справах Усходніх Цэркваў узначальвае 67-гадовы арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, які да гэтага часу быў Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі. Францішак прызначыў яго прэфектам 21 лістапада 2022 года, а 16 студзеня 2023 года іерарх заступіў на пасаду.