Папскі комплекс у Кастэль-Гандольфо Папскі комплекс у Кастэль-Гандольфо 

Папа прызначыў дырэктара экацэнтра ў Кастэль Гандольфа

Францішак прызначыў дырэктара новага Цэнтра экалагічнай адукацыі і сельскай гаспадаркі ў Кастэль-Гандольфа. Пасаду на працягу наступных чатырох гадоў будзе займаць ксёндз Паола Нікаліні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Раней ён быў намеснікам адміністрацыйнага дырэктара Дырэкцыі музеяў і культурнай спадчыны Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

У пачатку лютага было абвешчана аб тым, што, згодна з воляй Францішка, былая летняя папская рэзідэнцыя на возеры Альбана будзе ператворана ў Цэнтр экалагічнай адукацыі і сельскай гаспадаркі.

Комплекс плошчай 55 гектараў служыў Пантыфікам месцам летняга адпачынку з пачатку XVII стагоддзя. Акрамя двух палацава-паркавых зон, у яго ўваходзяць сельскагаспадарчыя ўгоддзі і гаспадарчыя пабудовы. У 2016 годзе Францішак аддаў папскія вілы ў адміністраванне Ватыканскіх музеяў. З таго часу яны адкрытыя для турыстаў.

Экацэнтр называецца Мястэчка Laudato si' (Borgo Laudato si'). Назва паходзіць ад аднайменнай экалагічна-сацыяльнай энцыклікі Францішка, апублікаванай у 2015 годзе. Статут праекта, падпісаны Святым Айцом, быў апублікаваны 2 лютага 2023 года.
 

23 лютага 2023, 10:23