Падчас Імшы ў рымскай базыліцы Сант-Андрэа-дэла-Вале ў першую гадавіну вайны Расіі супраць Украіны Падчас Імшы ў рымскай базыліцы Сант-Андрэа-дэла-Вале ў першую гадавіну вайны Расіі супраць Украіны 

Святы Пасад занепакоены магчымай эскалацыяй вайны ва Украіне

Здаецца, што дыпламатыя ўсё яшчэ не можа разарваць замкнёнае кола насілля, - адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, спасылаючыся на сітуацыю ва Украіне.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратар па адносінах Святога Пасада з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі цэлебраваў Імшу ў рымскай базыліцы Сант-Андрэа-дэла-Вале ў першую гадавіну поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.

Ён заклікаў разглядаць вайну не "ў святле ўсё больш трывожных навін, якія паступаюць з лініі фронту, не ў перспектыве палітычных і ваенных сцэнарыяў, якія пастаянна разыгрываюцца, і не дыпламатычных намаганняў, якія ўсё яшчэ здаюцца няздольнымі разарваць заганнае кола насілля", але ў святле “слова Божага, якое заўсёды застаецца актуальным”, прасвятляе “пры прачытанні кожнай падзеі гісторыі” і паказвае “правільны шлях у кожнай жыццёвай сітуацыі”.

“Мы не без глыбокага смутку і жаху падышлі да першай гадавіны. Гэта здаецца немагчымым і жахлівым для XXI стагоддзя. А пакуты, якія гэтаму спадарожнічаюць, неймаверныя”, - адзначыў высокі прадстаўнік дыпламатыі Апостальскай Сталіцы.

 

22 лютага 2023, 10:35