Ватыкан: свята катэдры cвятога Пятра на мяжы Вялікага посту
Марыя Валодзіна - Vatican News
Прэс-служба Фабрыкі святога Пятра распаўсюдзіла паведамленне адносна свята катэдры святога апостала Пятра, якое звычайна адзначаецца 22 лютага, а сёлета перанесена на дзень раней, каб пазбегнуць супадзення з Папяльцовай серадой.
21 лютага 2023 года пілігрымы і наведвальнікі ватыканскай базылікі змогуць убачыць адмыслова ўпрыгожаныя статую апостала Пятра і алтар катэдры. Па старажытнай традыцыі, у свята катэдры cвятога Пятра бронзавую статую ўпрыгожаць папскімі ўборамі, а знакаміты алтар Берніні асвецяць сотняй свечак. Урачыстую эўхарыстыю ўзначаліць у гэты дзень у 17.00 кардынал Гамбэці.
Як і ў мінулым годзе, пачынаючы з 21 лютага 2023 года, у базыліцы будуць выстаўлены карціны Via Crucis італьянскага мастака Гаэтана Прэвіаці (1852 – 1920), якія захоўваюцца ў Ватыканскіх музеях. Творы Прэвіаці гарманічна ўпісваюцца ў прастору ватыканскай базылікі, натхняючы і ўражваючы наведвальнікаў сваёй выразнасцю, памерамі і колерамі. 14 палоцен, якія адлюстроўваюць стацыі Крыжовага шляху, дазволяць вернікам з дапамогай мастацтва паразважаць пра таямніцы Крыжа і муку Збаўцы.
Першае набажэнства Крыжовага шляху, якое пройдзе пад старшынствам кардынала Гамбэці, запланавана на пятніцу, 24 лютага 2023 года, у 16:00.