Апостальская Сталіца: падтрымаць Касцёл у Святой Зямлі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці, прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў, скіраваў спецыяльны ліст да біскупаў, у якім звярнуў увагу на трагічныя наступствы нядаўняга землятрусу на Блізкім Усходзе, які адчуваўся нават у Іерусаліме і прывёў да вялікіх разбурэнняў і гібелі людзей у Сірыі і Турцыі.
У дакуменце нагадваецца, што гэтыя землі непарыўна звязаны з гісторыяй хрысціянства, прапаведніцкай дзейнасцю апосталаў, старажытнымі манаскімі традыцыямі і тэалагічнымі школамі. Хрысціяне Святой Зямлі перажываюць вялікія цяжкасці, звязаныя не толькі з наступствамі стыхіі, але таксама пандэміі, войнаў і нават актаў вандалізму.
Прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх Касцёлаў нагадаў пра важнае значэнне Кустодыі Святой Зямлі, якая падтрымлівае жыццё хрысціянскіх супольнасці, што часта спакушаюцца забыць пра сваё пакліканне быць пасхальным народам на землях, благаслаўлёных прысутнасцю Адкупіцеля.
Падкрэсліваецца, што многія структуры каталіцкіх манаскіх супольнасцей цяпер сталі прытулкам для абяздоленых пасля землятрусу, але таксама заўсёды з’яўляюцца крыніцамі надзеі праз клопат пра самых малых, школьную фармацыю, падтрымку самотным маці, дапамогу старым і хворым, праз рэалізацыю шматлікіх праектаў, накіраваных на забеспячэнне жыллём і працай мясцовых хрысціян.
Дыкастэрыя па справах Усходніх Касцёлаў заклікала вернікаў ва ўсім свеце захоўваць лучнасць і салідарнасць са Святой Зямлёй, бо “ў Іерусаліме нашы вытокі”, а таксама з нашымі братамі і сёстрамі, якія працягваюць сведчыць Евангелле ў гэтым рэгіёне, і таму прыняць шчодры ўдзел у зборы ахвяраванняў у Вялікую пятніцу, якія будуць накіраваны на іх падтрымку.