Перадача Францішку Чоўна святога Пятра Перадача Францішку Чоўна святога Пятра  (Vatican Media)

Францішку падарылі Човен святога Пятра

Перад агульнай аўдыенцыяй, якая 15 сакавіка 2023 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Пантыфік атрымаў незвычайны і сімвалічны падарунак – вялізарны драўляны човен.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Незадоўга да выйсця да вернікаў, сабраных на ватыканскай плошчы, Францішку быў урачыста перададзены човен, які з’яўляецца рэканструкцыяй васьмімятровага старажытнага драўлянага судна, знойдзенага ў 1986 годзе на дне Галілейскага возера ў Ізраілі і названага Чоўнам святога Пятра.

Рэпрадукцыя, якую размясцілі побач з Залай Паўла VI, была сабрана цалкам уручную карабельнымі майстрамі італьянскай фірмы Antico Cantiere del Legno Aprea па ініцыятыве кампаніі Navigazione libera del Golfo у супрацоўніцтве з Міжнародным дыпламатычным інстытутам, паінфармавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Човен святога Пятра быў знойдзены ў Галілейскім возеры, якое яшчэ называюць Тыберыядскім морам, падчас маштабнай засухі, якая была ў Ізраілі ў 1985-1986 гадах. Калі ўзровень вады ў возеры панізіўся, мясцовыя жыхары змаглі ўбачыць на дне недалёка ад берага фрагменты, якія нагадвалі каркас чоўна. Структура была перанесена ў музей і даследавана навукоўцамі.

Эксперты датавалі судна канцом І стагоддзя да нашай эры – пачаткам І стагоддзя нашай эры. Яно магло змяшчаць трынаццаць чалавек – гэта значыць, што ў гэтай лодцы мог плаваць Езус са сваімі дванаццацю апосталамі. Месца знаходкі – Галілейскае возера – таксама непарыўна звязана з жыццём і дзейнасцю Збаўцы. Таму яе было вырашана назваць Чоўнам святога Пятра.
 

16 сакавіка 2023, 10:35