Арцыбіскуп Георг Генсвайн. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Георг Генсвайн. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Арцыбіскуп Генсвайн: я знішчыў усе прыватныя лісты Бэнэдыкта XVI

Арцыбіскуп Георг Генсвайн знішчыў усе прыватныя лісты Бэнэдыкта XVI пасля яго смерці. Такім было пажаданне Папы-эмерыта. “Я зрабіў гэта асабіста на шрэдэры”, - запэўніў іерарх у інтэрв’ю выданню Bild.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Асноўная частка спадчыны Ёзэфа Ратцынгера, якая ўключае ў сабе кнігі і рукапісы, трапіла ў Інстытут папы Бенедыкта XVI у Рэгенсбургу. Меншая частка застаецца ў Ватыкане, напрыклад, яго перапіска з Янам Паўлам ІІ.

Арцыбіскуп Генсвайн распавёў, што Бэнэдыкт XVI падарыў яму некаторыя памятныя рэчы, напрыклад табернакулюм і драўляную статую святога Аўгустына, якія зараз знаходзяцца ў прыватнай капліцы іерарха. Акрамя таго, там захоўваецца “вельмі прыгожы драўляны крыж”, які сам Бэнэдыкт XVI атрымаў у дар дзесяцігоддзі таму.

Шматгадовы асабісты сакратар Ёзэфа Ратцынгера прызнаўся, што праз два месяцы пасля яго смерці, ён дагэтуль адчувае боль і вялікую пустэчу, але, дзякуючы веры, мае глыбокі спакой. “Я спадарожнічаў папу Бэнэдыкту да нябесных брам. Маю надзею, што Пётр адкрыў іх для яго. Бэнэдыкт цяпер там, дзе хацеў быць, у радасці веры. Гэта вялікае суцяшэнне для мяне”, - сказаў арцыбіскуп Генсвайн, дадаючы, што  дагэтуль ён маліўся за Бэнэдыкта XVI, а цяпер моліцца да яго.
 

10 сакавіка 2023, 11:39