Кардынал Курт Кох. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Курт Кох. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал Кох: Царква і дзяржава – тэма для экуменічнага дыялогу

Вайна, справакаваная Расіяй ва Украіне – гэта фундаментальны выклік таксама для рэлігіі, гэта заклік пераглядзець разуменне сябе і сваёй місіі ў грамадстве, - лічыць кардынал Курт Кох.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству прыняў удзел у канферэнцыі Рэлігійная вера балтыйскіх народаў, якая прайшла ў Ватыкане па ініцыятыве міжнароднай асацыяцыі Carità Politica. Кардынал выступіў з прамовай на тэму экуменічнага выкліку пытання аб адносінах паміж Царквой і дзяржавай.

Іерарх заўважыў, што з пачаткам вайны Расіі супраць Украіны ў балтыйскіх краінах узнік страх таго, што напад можа адбыцца і на іх тэрыторыю. У гэтага страху ёсць дзве прычыны: геаграфічная і гістарычная, звязаная з памяццю пра жахі і злачынствы, спазнаныя падчас акупацыі з боку СССР і падобныя тым, якія перажывае сёння ўкраінскі народ.

Кардынал Кох нагадаў пра ўласцівую ўсходняму хрысціянству “сімфонію” Царквы і дзяржавы, сама ідэя якой сёння абцяжарваецца праблематычным стаўленнем да вайны Патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы Кірыла, а таксама яго прыхільнікаў ва Украіне і некаторых балтыйскіх краінах.

Гэта падштурхнула дырэктара Інстытута Ёхана Адама Мёлера ў Падэрборне Ёханэса Ольдэмана задацца пытаннем пра тое, ці не дасягнула гэта мадэль свайго гістарычнага канца з вайной ва Украіне: “Візантыйская” мадэль сімфоніі паміж дзяржавай і Царквой дыскрэдытавана пазіцыяй кіраўніка Рускай Праваслаўнай Царквы да такой ступені, што ў будучыні можа аказацца больш немагчымай”.

Ватыканскі прэфект лічыць, што пытанне адносін паміж Царквой і дзяржавай неабходна абмяркоўваць у рамках экуменічнага дыялогу не толькі з праваслаўнымі Цэрквамі, але таксама з Цэрквамі і рэлігійнымі супольнасцямі, якія ўзніклі падчас Рэфармацыі, асабліва калі яны ўспрымаюць сябе як “дзяржаўныя Цэрквы”, як у выпадку Англіканскай Царквы і розных лютэранскіх Цэркваў на поўначы Еўропы.

Кардынал Кох паставіў у прыклад Лютэранскую Царкву ў Эстоніі, якая на працягу доўгага перыяду таксама была “дзяржаўнай”, але ў 1917 годзе стала першай сярод усіх лютэранскіх супольнасцей, якая адмовілася ад гэтага статуса, а таксама ад дзяржаўнага фінансавання на карысць добраахвотных ахвяраванняў вернікаў.

Іерарх заўважыў, што тэма адносін паміж Царквой і дзяржавай застаецца найменш абмеркаванай у рамках экуменічнага дыялогу. Яна патрабуе асаблівай экуменічнай увагі ў святле сучаснай сітуацыі ў свеце і місіі Цэркваў у грамадстве, а таксама ў святле неабходнага, пераканаўчага супрацоўніцтва паміж Цэрквамі і рэлігійнымі супольнасцямі.

Кардынал Кох падкрэсліў, што гэта дыскусія павінна весціся пад знакамі рэлігійнай свабоды для ўсіх хрысціян і ў духу экуменічнай адкрытасці. Яна вельмі неабходна ў час, калі адбываюцца злоўжыванні рэлігіяй і яе выкарыстанне ў палітычных мэтах. “Вайна, справакаваная Расіяй ва Украіне – гэта фундаментальны выклік таксама для рэлігіі, гэта заклік пераглядзець разуменне сябе і сваёй місіі ў грамадстве”, - падкрэсліў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
 

28 сакавіка 2023, 13:15