Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Папа заклікае Касцёл быць адлюстраваннем спазнанай міласэрнасці

Касцёл, які вырушае ў дарогу і бярэ ініцыятыву, бо сам першы спазнаў ініцыятыву Бога, што апярэдзіў нас у любові – гэта мара папы Францішка, -лічыць галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Праз дзесяць гадоў пасля абрання Хорхэ Марыа Бэрголіа – 13 сакавіка 2023 года – варта вярнуцца да галоўнага. Варта згадаць тое, што сам Францішак працягвае прапаноўваць і сведчыць: аблічча Касцёла, які, як абвяшчае Evangelii gaudium, здольны “зрабіць першы крок, умее браць на сябе ініцыятыву без страху, умее выйсці насустрач, каб шукаць тых, хто аддаліўся, і дабрацца да скрыжавання дарог, каб запрасіць адчужаных”, аблічча Касцёла, які “мае вялікае жаданне ўдзяляць міласэрнасць – плён спазнанай бясконцай міласэрнасці Айца і Яго ўсёабдымнай моцы”, - нагадаў Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News.

Папа прапануе, каб хрысціянскія супольнасці “былі свабоднымі ад язвы самадастатковасці, каб разумелі, што будуць па-сапраўднаму місіянерскімі, толькі калі будуць адлюстроўваць святло свайго Пана, ніколі не ўтрымліваючы для саміх сябе крыніцу святла”. Гаворка ідзе пра супольнасці, якія не прыбягаюць да дапамогі маркетынгу і тэхнік празелітызму, якія свабодныя ад настальгічнага песімізму тых, хто аплаквае “хрысціянскі свет”, якога больш не існуе; пра супольнасці “прабачаных грэшнікаў” – як Біскуп Рыма назваў сам сябе – якія, працягваючы адчуваць бясконцую міласэрнасць Бога, адлюстроўваюць яе для іншых.

На думку Андрэа Тарніелі менавіта “міласэрнасць” – гэта слова якое найлепшым чынам абагульняе ўсё вучэнне Францішка: міласэрнасць – ключавое слова Езуса ў Евангеллі, перакананасць, што мы заўсёды любімыя і нас уздымаюць пасля кожнага падзення; міласэрнасць, як ключ для нашай змены эпохі.

“Евангелізацыйная супольнасць уваходзіць праз справы і жэсты ў штодзённае жыццё іншых, скарачае дыстанцыю, прыніжаецца аж да знявагі, калі гэта неабходна, прымае чалавечае жыццё і дакранаецца да церпячага цела Хрыста ў людзях”, - нагадаў ватыканскі эксперт словы Папы, дадаючы, што такая супольнасць павінна быць гатова прыняць, выслухаць, суправаджаць, як рабіў Езус са сваімі вучнямі, схіліўшы калені, каб абмыць ім ногі. “Гэта супольнасць цярплівая, яна не патрабуе ворагаў, каб набыць трываласць, але “клапоціцца пра зерне”, не згубіўшы спакою з-за хмызняку”, - дадаў Тарніелі.

“Гэта пасланне Францішак засведчыў на працягу першых дзесяці гадоў служэння, споўніўшы словы, якія сам прамовіў, яшчэ будучы кардыналам, падчас звароту на агульных кангрэгацыях канклаву: “Што тычыцца наступнага Папы, то патрэбны чалавек, які б дапамог Касцёлу выйсці з самаго сябе і накіравацца на экзістэнцыяльныя перыферыі чалавецтва, каб стаць плённай маці лагоднай і суцяшальнай радасці евангелізацыі”, - завяршыў сваё разважанне галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
 

13 сакавіка 2023, 10:39