Кардынал Раньера Канталамеса Кардынал Раньера Канталамеса 

Папскі прапаведнік: Бог дзейнічае ў Касцёле праз Святога Духа

“У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16,33) – гэтымі евангельскімі словамі кардынал Раньера Канталамеса пачаў сваё апошняе ў гэтым годзе велікапоснае казанне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Звяртаючыся да кіраўнічага персаналу структур Рымскай курыі, якія сабраліся раніцай 31 сакавіка 2023 года ў ватыканскай Зале Паўла VI, прапаведнік Папскага дома нагадаў, што пасля заснавання Касцёла і надання яму іерархічных і сакрамэнтальных структур, неабходных для функцыянавання, Пан не пакінуў яго, узышоўшы на Неба, “як той, хто штурхае човен у мора, а сам застаецца на беразе”.

“Езус увайшоў у човен і знаходзіцца ў ім. Трэба сур’ёзна паставіцца да Яго апошніх слоў у Евангеллі святога Мацвея: “І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку”, - заахвоціў іерарх, дадаючы, што падчас кожнай буры, таксама і цяперашніх, Езус працягваецца пытацца ў нас, як пытаўся ў апосталаў: “Чаго вы спалохаліся, малаверныя?” (Мц 8,26).

Па словах кардынала Канталамесы, Хрыстус заўсёды рэальным чынам прысутнічае побач з намі як галава Касцёла і дзейнічае ў кожны час, у кожным месцы, а таксама дзейнічае ў нас праз Святога Духа – невычарпальную крыніцу энергіі, што паходзіць звыш.

Іерарх заўважыў, што сёння многія з настальгіяй успамінаюць пасляваенныя часы, калі касцёлы ў нядзелю былі запоўненыя людзьмі, у парафіях адзін за другім адбываліся шлюбы і хросты, а семінарыі і манаскія навіцыяты не мелі нястачы ў пакліканнях.

Аднак, “не ўсё, што калісьці блішчала, было золатам”. “Калі б усё гэта было з чыстага золата, калі б гэтыя поўныя семінарыі былі кузнямі святых пастыраў, а традыцыйная фармацыя была ў іх моцнай і праўдзівай, мы б не павінны былі плакаць сёння па прычыне столькіх скандалаў”, - дадаў прапаведнік.

Кардынал Канталамеса перакананы, што сёння нам усім неабходна выйсці з трох утульных, бяспечных і добра абстаўленых “канцэнтрычных дамоў”, каб узысці на гару і адбудаваць дом Божы: першы “дом” гэта маё “я”: “мой камфорт, мая хвала, мая пазіцыя ў грамадстве і Касцёле”.

Другі – “мая парафія, мая манаская супольнасць, мой рух ці касцёльная асацыяцыя, мой мясцовы Касцёл, мая дыяцэзія”. Капуцын падкрэсліў, што, безумоўна, трэба любіць гэтыя рэальнасці і быць адказнымі за іх, але не абсалютызаваць, не губляць з поля зроку паўсюднасць Касцёла і яго праблемы і радасці.

Трэцім “домам”, за рамкі якога неабходна выйсці, кардынал назваў нашу канфесійную прыналежнасць. “Мы ўсе перакананы, што слабасць нашай евангелізацыі і дзейнасці ў свеце часткова звязана з падзеламі і барацьбой паміж хрысціянамі”, - патлумачыў ён, адзначаючы важнасць адкрытасці, дыялогу і супрацоўніцтва паміж хрысціянамі розных канфесій.

Напрыканцы казання кардынал Раньера Канталамеса заклікаў працаваць у гэтым кірунку з адвагай і даверам да Пана, які сам абяцаў, што будзе побач з намі праз свайго Святога Духа.
 

31 сакавіка 2023, 10:16