Святы Пасад выступіў у ААН з шэрагам заяў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН прыняў удзел у шэрагу пасяджэнняў, якія прайшлі 6-8 сакавіка 2023 года ў Жэневе.
Аўтаномныя сістэмы ўзбраення
Выступаючы на двух пасяджэннях, прысвечаных смяротным аўтаномным сістэмам узбраення, арцыбіскуп Фартунатус Нвачукву адзначыў, што на думку Святога Пасада, прыйшоў час распачаць перамовы па стварэнню юрыдычнага дакумента ў гэтай сферы, а таксама ўвесці мараторый на распрацоўку і прымяненне аўтаномных сістэм узбраення. Іерарх нагадаў, што такая сістэма “ніколі не можа быць маральна адказным суб'ектам”, гэта значыць не можа несці маральную адказнасць за свае дзеянні па прычыне адсутнасці ў яе чалавечай волі. “Гэта праблематычна не толькі з пункту гледжання этыкі, але і з пункту гледжання права”, - падкрэсліў іерарх. Ён адзначыў што вельмі важна “забяспечыць адэкватны, значны і паслядоўны кантроль чалавека за сістэмамі ўзбраення”, каб пазбегнуць шматлікіх рызык, звязаных з перадачай машынам рашэнняў аб прымяненні смяротнай сілы. Іерарх адзначыў, што “дасягненне канкрэтных пагадненняў па аўтаномных сістэмах узбраення адпавядае інтарэсам усіх дзяржаў”, у той час як “адсутнасць кансэнсусу непазбежна прывядзе да гонкі ўзбраенняў, нестабільнасці і няроўнасці”.
Канфлікт ва Украіне
“Святы Пасад працягвае сачыць за канфліктам ва Украіне і яго наступствамі з глыбокім смуткам і вялікай заклапочанасцю”, - заявіў ватыканскі дыпламат на пасяджэнні, прысвечаным становішчу бежанцаў у Еўропе. Колькасць забітых, параненых, уцекачоў, разбурэнні, эканамічная і сацыяльная шкода - усё гэта кажа само за сябе і яшчэ раз даказвае трагічную абсурднасць вайны, - сказаў іерарх. Ён падзякаваў еўрапейскім краінам за велікадушны прыём больш за 8 млн чалавек, якія маюць патрэбу ў абароне, а таксама паўтарыў гучны заклік Папы пакласці канец вайне.
Становішча бежанцаў ва Усходняй Афрыцы
Выступаючы на пасяджэнні, прысвечаным сітуацыі ва Усходняй Афрыцы, у рэгіёне Вялікіх азёр, прадстаўнік Святога Пасада выказаў занепакоенасць у сувязі з пастаянным ростам колькасці ўцекачоў, якія пакідаюць свае краіны з-за канфліктаў, гвалту, пераследаў, адсутнасці харчовай бяспекі, галечы і змены клімату. Асаблівую трывогу выклікае колькасць дзяцей-бежанцаў. Іерарх назваў трагічным той факт, што многія дзеці не могуць атрымаць адукацыю і “не ведаюць, што значыць мець свой уласны дом”. Ён заклікаў урады і міжнародную супольнасць прыкласці ўсе намаганні для пошуку доўгатэрміновых рашэнняў праблем бежанцаў, асабліва дзяцей.
Сітуацыя ў Нікарагуа
Звяртаючыся да групы экспертаў па Нікарагуа, прадстаўнік Святога Пасада выказаў глыбокую занепакоенасць у сувязі з ростам насілля і скарачэннем магчымасцяў для дыялогу і перамоў паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю. Па словах арцыбіскупа Нвачукву, занепакоенасць выклікае ўзмацненне абмежаванняў на свабоду меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый, а таксама рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да апазіцыянераў, журналістаў, праваабаронцаў, членаў Каталіцкага Касцёла, у тым ліку, біскупа Матагальпы Раланда Альварэса. Дыпламат нагадаў пра заклік Францішка “пераадолець варожасць і шукаць магчымасці для канструктыўнага дыялогу паміж бакамі, закладваючы аснову для вяртання да мірнага суіснавання, заснаванага на павазе годнасці і правоў усіх людзей”.
Свабода веравызнання
Звяртаючыся да ўдзельнікаў дыскусіі на тэму свабоды рэлігійных перакананняў, якая прайшла пад назвай Цяжка паверыць, іерарх нагадаў, што гэта асноўнае права чалавека, агульнапрызнанае многімі міжнароднымі дакументамі, у тым ліку Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека, якая ясна дэманструе, што правы чалавека засноўваюцца на чалавечай годнасці. "Без павагі да чалавечай годнасці няма павагі да правоў чалавека", - нагадаў прадстаўнік Святога Пасада. - Калі разумець годнасць чалавечай асобы як інтэлект, свабодную волю і сацыяльную прыроду, то адразу становіцца ясна, чаму прымус да пераходу ў іншую рэлігію, абмежаванне рэлігійнай свабоды, прымусовае навязванне рэлігійных каштоўнасцяў, з'яўляюцца парушэннем правоў чалавека. Адмаўляць чалавеку ў поўнай свабодзе шукаць ісціну і вызнаваць яе свабодна, “азначала б адмаўляць інтэлект, свабодную волю і сацыяльную прыроду, якія ляжаць у аснове нашай агульнай чалавечай годнасці”, - адзначыў іерарх.