Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 

Галахер: папская дыпламатыя не мае інтарэсаў улады

Сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі асудзіў глыбокі крызіс шматбаковай сістэмы, заклікаўшы міжнародную супольнасць да аднаўлення ў духу Хельсінкскіх пагадненняў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Мы ўсе прагнем справядлівага міру, але мір немагчымы, калі не ісці па шляху прымірэння. Дзеля міру варта нават пачаць “думаць пра неймавернае”, - адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар Апостальскай Сталіцы па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, выступаючы 24 красавіка 2023 года на канферэнцыі “Дыпламатыя і Евангелле” у сталіцы Ліхтэнштэйна Вадуцы.

Вайна ў Еўропе: нічога нельга прымаць як дадзенасць

У сваім вялікім дакладзе арцыбіскуп Галахер распавёў пра прынцыпы Папскай дыпламатыі, якая натхняецца Евангеллем, а таму заўсёды стаіць на баку міру і чалавечай годнасці. Чырвонай ніткай праз яе цягнецца міласэрнасць. "Цяпер, калі Еўропа як ніколі раней адчувае пагрозу для міру, параненая трагічнай агрэсіўнай вайной Расіі супраць разбуранай украінскай зямлі, больш нічога нельга прымаць як дадзенасць”, - адзначыў іерарх. Евангелле, як нішто іншае, настойліва вучыць мастацтву імкнення да міру, “выцягваючы”, так бы мовіць, людзей і народы з спіралі вайны, крыўды і нянавісці, каб вывесці іх на шлях дыялогу і пошуку агульнага дабра.

Адсутнічае магчымасць для мірнага пасярэдніцтва паміж Расіяй і Украінай

Прадстаўнік Святога Пасада падкрэсліў, што “Папская дыпламатыя не мае ні палітычных, ні эканамічных, ні ідэалагічных інтарэсаў улады”, таму што гэта не дыпламатыя асобных краін, якія клапоцяцца пра уласныя інтарэсы, а дыпламатыя, якая робіць стаўку на імкненне да агульнага дабра. Таму Святы Пасад можа “з большай свабодай прадстаўляць адным аргументы іншых” і паведамляць усім пра рызыкі самарэферэнцыйнага бачання. Францішак лічыцца маральным аўтарытэтам, да якога звяртаюцца за пасрэдніцтвам, бо прызнаюць яго ролю Пантыфіка, здольнага будаваць масты і пераадольваць бар'еры, якія ў адваротным выпадку былі б неадольнымі. “На жаль, нягледзячы на ўсе намаганні Святога Айца і Святога Пасаду, да гэтага часу не адкрылася магчымасць, якая магла б спрыяць мірнаму пасярэдніцтву паміж Расіяй і Украінай".

Перад тварам розных формаў вайны (прамых, як ва Украіне, а таксама грамадзянскіх, гібрыдных, замарожаных і адкладзеных, якія неўзабаве выліваюцца ў транснацыянальныя канфлікты) арцыбіскуп Галахер удакладніў прычыны таго, што, на яго думку, з'яўляецца правалам дыпламатычных намаганняў. "Часам, – патлумачыў ён, - складваецца настолькі дыферэнцыраваная і палярызаваная геапалітычная сітуацыя, з разрывам усіх сувязяў, што кожная спроба ўпарадкавання становіцца надзвычай цяжкай. Давайце не будзем забываць, што патокі грошай і зброі падтрымліваюць і распальваюць канфлікты. Як можна патрабаваць правільных паводзінаў, калі вы працягваеце забяспечваць канфліктуючыя бакі зброяй?” – запытаў кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. У сувязі з гэтым Святы Пасад выступае за дыпламатыю, якая павінна "нанова адкрыць сваю ролю носьбіта салідарнасці паміж людзьмі і народамі як альтэрнатывы зброі, гвалту і тэрору”. Дыпламатыю, якая з'яўляецца носьбітам "дыялогу, супрацоўніцтва і прымірэння, замест узаемных прэтэнзій, братазабойчага супрацьстаяння, ідэі ўспрымання іншага як ворага або яго поўнага непрымання”.

Вярнуцца да асноў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека

У сувязі з набліжэннем 75-годдзя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, дыпламат нагадаў пра тое, што Касцёл знаходзіцца на перадавой намаганняў не толькі ў галіне “палітычных і грамадзянскіх” правоў чалавека, але таксама “эканамічных, сацыяльных і культурных” правоў. Касцёл заклікае прызнаць узаемазалежнасць паміж народамі як перадумову духу братэрства, каб спадчына правоў чалавека, якую міжнародная супольнасць 75 гадоў таму абвясціла асновай новага парадку пасля жахаў вайны, магла стаць арыенцірам для яе.

Неабходнасць рэформ

На думку арцыбіскупа Галахера, крызіс вайны ва Украіне пазначыў “глыбокі крызіс шматбаковай сістэмы і буйных арганізацыі, у прыватнасці, ААН". "Неабходная рэформа функцыянавання гэтай арганізацыі, каб яна была больш рэпрэзентатыўнай, каб яна ўлічвала патрэбы ўсіх народаў!"- падкрэсліў ён, дадаючы што для гэтага "неабходна падтрымка ўсёй міжнароднай супольнасці і аднаўленне ў духу Хельсінкскіх пагадненняў.

25 красавіка 2023, 11:20