Кардынал-мучанік будзе суправаджаць Папу падчас Urbi et Orbi
Аляксандр Панчанка – Vatican News
94-гадовы іерарх перажыў пераслед з боку камуністычнага рэжыму ў Албаніі, дзе ганенні на хрысціян у ХХ стагоддзі былі аднымі з самых жорсткіх у Еўропе. 28 гадоў жыцця – з 1963 па 1991 год – ён правёў у турме і на прымусовых працах як “вораг народа”. Францішак быў вельмі крануты яго сведчаннем, якое пачуў падчас візіту ў Албанію ў верасні 2014 года, а ў 2016 годзе надаў яму кардынальскую годнасць.
“Калі я быў у турме, на досвітку мы не ведалі, ці ўбачым зноў захад сонца пасля дзён, пазначаных катаваннямі, пераследам, гвалтам і допытамі”, – прыводзіць словы састарэлага кардынала, які цяпер жыве ў Фларэнцыі, італьянскае выданне La Nazione. – Падчас зняволення ў працоўных лагерах, у шахтах, дзе мы здабывалі медзь і пірыт, калі б хоць адзін камень адваліўся ў тунэлях і ўпаў на нас, мы ўсе паляцелі б у рай, з-за цяжкіх умоў, у якіх мы працавалі без усялякіх сродкаў бяспекі”.
Зняволены святар не губляў надзеі. “Я б ніколі не паверыў пасля столькіх атрыманых удараў нагамі, жахлівага болю ланцугоў, якія жудасна сціскалі мае запясці, пасля пазбаўлення, перш за ўсё, свабоды, без магчымасці выконваць святарскае служэнне, без магчымасці служыць людзям і абвяшчаць збаўчую Добрую Навіну, што буду перажываць такія цудоўныя дні, багатыя духоўнымі дарамі і служэннем вернікам дзеля збаўлення душ. Ніколі б не падумаў, што атрымаю кардынальскі берэт – вялікі, нечаканы падарунак, сапраўды вялікі дар, за які я ніколі не перастану дзякаваць папу Францішку ад усяго сэрца”, - сказаў кардынал Сымані.
Іерарх прызнаўся, што быў вельмі ўзрушаны, калі атрымаў навіну пра тое, што будзе суправаджаць Святога Айца падчас Urbi et Orbi і стаяць разам з ім у велікодную нядзелю на тым жа самым месцы, з якога шматлікія Папы на працягу гісторыі звярталіся з малітвай і благаслаўленнем.