Падчас азіяцкага этапу сінадальнага працэсу. Ілюстрацыйнае фота Падчас азіяцкага этапу сінадальнага працэсу. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: падвялі вынікі кантынентальнага этапу Сінадальнага працэсу

У Ватыкане ў прысутнасці журналістаў падвялі вынікі кантынентальнага этапу Сінадальнага працэсу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Рабочы дакумент для наступнага цэнтральнага этапу працэсу, якім стане асамблея Сінода Біскупаў у Рыме, яшчэ не прадстаўлены. Як паведаміла сястра Наталі Бэкар, Instrumentum laboris будзе абнародаваны толькі ў канцы мая. Дакумент стане фактычным рэзюмэ Сінадальнага працэсу. Яго рыхтуе група экспертаў на аснове кантынентальных дакладаў. Гэта будзе не акадэмічны ці статыстычны сінтэз, але плён духоўнага распазнавання.

Падсакратар Сінода Біскупаў нагадала, што кантынентальны этап павінен быў паспрыяць стварэнню сувязяў паміж Касцёламі ў суседніх краінах і адначасова ўмацаванню адносін паміж паўсюдным Касцёлам і партыкулярнымі Касцёламі.

У ватыканскім падвядзенні вынікаў прыняў удзел, між іншым, арцыбіскуп Цімаці Кастэлоў, старшыня епіскапату Аўстраліі, які падзяліўся сваім уражаннем ад сінадальнай асамблеі для Акіяніі. “Адна з самых важных рэчаў, якія мы адчуваем на гэтым шляху да большага і глыбейшага вопыту сінадальнасці, гэта тое, што мы прызнаем і адзначаем вялікую разнастайнасць, якая ўжо з'яўляецца рэальнасцю ў Касцёле; мы адчуваем глыбокую еднасць, якая не толькі не грунтуецца на аднастайнасці, але і заклікае нас адмовіцца ад любога імкнення да жорсткай аднастайнасці. Гэта сведчыць аб рэчаіснасці, калі ўніверсальныя прынцыпы павінны быць уключаны ў кантэкст мясцовай культуры і сітуацыі. І гэта ключавы момант: ёсць універсальныя прынцыпы, і ў гэтым ёсць форма аднастайнасці, але гэтыя прынцыпы павінны быць увасоблены ў мясцовых кантэкстах”, - сказаў аўстралійскі іерарх.
 

20 красавіка 2023, 15:01