Паралін: расследаванне справы Эмануэлы Арландзі працягваецца
Марыя Валодзіна - Vatican News
Падчас сустрэчы з журналістамі ў кулуарах мерапрыемства, якое прайшло ў італьянскім Палацы дэпутатаў, кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін заўважыў, што намер Святога Пасада заключаецца ў тым, каб высветліць сітуацыю. "Я лічу, што гэта трэба зрабіць у першую чаргу дзеля маці, якая моцна пакутуе”, - заўважыў кардынал, каментуючы апошнія падзеі ў гэтай справе.
На мінулым тыдні брат зніклай дзяўчыны П'етра Арландзі выступіў у прамым эфіры італьянскага тэлебачання з абвінавачваннямі ў адрас Яна Паўла II, якія затым Папа Францішак назваў "абразлівымі і неабгрунтаванымі".
15 красавіка 2023 года прамотар справядлівасці Дзяржавы Ватыкан Алесандра Дзідзі выклікаў адваката сям'і Арландзі Лауру Сгро ў якасці сведкі, каб даведацца пра крыніцы інфармацыі, якая тычыцца Яна Паўла II і, больш агульна, усёй справы зніклай дзяўчыны. Адвакат аднак скарысталася правам прафесійнай таямніцы, адмовіўшыся паведаміць, ад каго яна і П'етра Арландзі атрымалі чуткі.
Кардынал Паралін так пракаментаваў гэты адказ: "Мы вельмі здзіўленыя тым, што не было супрацоўніцтва, таму што яны самі аб гэтым прасілі. Дык чаму ж цяпер так рэзка адмаўляцца? Я не разумею... Наш намер заключаецца ў тым, каб сапраўды высветліць сітуацыю".
Што тычыцца крытыкі ініцыятывы Папы, - дадаў кардынал Паралін, маючы на ўвазе адноўленае Францішкам расследаванне па справе саракагадовай даўніны, то "ідэя Святога Пасада заключаецца ў тым, каб прыйсці да высвятлення, разгледзіць, што было зроблена ў мінулым як італьянскім, так і ватыканскім бакамі, і пабачыць, ці можна зрабіць нешта яшчэ".
Эмануэла Арландзі, 15-гадовая дачка ватыканскага супрацоўніка, знікла ў 1983 годзе. Дзяўчына не вярнулася дамоў з заняткаў у музычнай школе. Шматлікія расследаванні грамадзянскіх і касцёльных улад не прывялі да ніякіх вынікаў. Лёс дзяўчыны невядомы, цела не было знойдзена. У студзені 2023 года расследаванне было адноўлена ў адказ на просьбы сям'і.