Плошчу святога Пятра на Вялікдзень упрыгожаць 35 тысяч кветак
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Фларыстычнае афармленне стане сведчаннем радасці Уваскрасення Хрыста. Расліны прывязуць у Ватыкан з Нідэрландаў на грузавіку.
У Вялікую пятніцу работнікі Ватыканскіх садоў у супрацоўніцтве з дызайнерам кветкавых кампазіцый Даніэлай Кану, кветкаводамі з Нідэрландаў і выкладчыкамі фларыстыкі са Славеніі зоймуцца стварэннем дэкарацыі з галандскіх кветак і раслін.
У 2020 і 2021 гадах з прычыны пандэміі цэнтральныя святкаванні Вялікадня ў Ватыкане былі вельмі абмежаванымі, таму сюды не прывозілі галандскіх цюльпанаў і нарцысаў. У 2022 годзе традыцыя, якой амаль 40 гадоў, узнавілася.
У Вялікдзень, 9 красавіка 2023 года, на плошчы святога Пятра Францішак узначаліць святочную Эўхарыстыю, пасля якой, з цэнтральнай лоджыі галоўнага каталіцкага храма скіруе пасланне міру і ўдзеліць благаслаўленне Urbi et Orbi.