Святы Пасад на архітэктурнай біенале: думаць пра будучыню Зямлі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мэта экспазіцыі – заахвоціць наведвальнікаў "клапаціцца аб планеце так, як мы клапоцімся аб саміх сябе, а таксама цэлебраваць культуру сустрэчы", - такімі словамі куратар павільёна, архітэктар Раберта Крэмасколі падагульніў вучэнне Францішка, прыведзенае ў энцыкліках Laudato si' (2015) і Fratelli tutti (2020), якія, у сваю чаргу, ляжаць у аснове ўсёй экспазіцыі.
Архітэктурнае біенале пройдзе ў гэтым годзе пад назвай Майстэрня будучыні, таму што "немагчыма пабудаваць лепшы свет, спачатку не ўявіўшы яго", - патлумачыла куратар выставы Лэслі Лока. Архітэктар з Ганы ставіць перад сабой задачу арганізаваць сёлетняе біенале з павагай да планеты, а таксама з асаблівым поглядам на Афрыку і іншыя месцы, якія да гэтага часу былі пакінутыя па-за межамі фінансавых і творчых працэсаў.
Па словах прэфекта Дыкастэрыі па культуры і адукацыі кардынала Хасэ Таленціна дэ Мендонса, тэма выставы асабліва блізкая Францішку, дзесяцігоддзе пантыфікату якога адзначаецца ў гэтым годзе. "Гэтае супадзенне адкрывае магчымасць для дыялогу”, - заўважыў іерарх, дадаючы, што “некаторыя асноўныя лініі гэтага пантыфікату могуць быць ключавымі ў дыялогу з сучаснай архітэктурай” і прывесці да агульнага бачання “іншай будучыні". Погляды Папы добра адлюстраваныя ў архітэктурных праектах, прапанаваных павільёнам Святога Пасаду, - лічыць кардынал.
У якасці прыклада прэфект прывёў інсталяцыі партугальскага архітэктара Альвара Сіза, “які робіць стаўку на архітэктуру, якая не абмяжоўваецца чатырма сценамі, а перасоўваецца ў прасторы. Гэта жывая, вобразная архітэктура, якая выходзіць у свет. Інтэнсіўны палітычны і паэтычны маніфест пра тое, чым з'яўляецца ці можа стаць сустрэча паміж людзьмі".
Ватыканскі павільён размесціцца ў бенедыктынскім кляштары на востраве Сан-Джорджа-Маджорэ. Па словах куратара Крэмасколі, стваральнікі інсталяцыі абапіраліся на манаскую мадэль жыцця, сціпласць і паўсядзённую практыку простых жэстаў.
Такім чынам, наведвальнікі не знойдуць там футурыстычных канструкцый і новых формаў, але сад, расліны і паўторнае выкарыстанне будаўнічых матэрыялаў. Менавіта сціпласць дазваляе “пераасэнсаваць наш светапогляд, думаць пра свет як пра хатняе асяроддзе", - лічыць куратар ватыканскага павільёна.