Архіўнае фота. Падчас Сінода Біскупаў у 2018 годзе. Архіўнае фота. Падчас Сінода Біскупаў у 2018 годзе.  (ANSA)

Значна вырасла роля свецкіх вернікаў у Сінодзе Біскупаў

Большы ўдзел свецкіх вернікаў, у тым ліку права голасу для іх, прадугледжваецца ў апублікаваным 26 красавіка 2023 года ў Ватыкане дакуменце адносна Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Навінкай з'яўляецца ўвядзенне ў склад Сінода пяці манахінь і пяці манахаў, выбраных іх супольнасцямі, замест дзесяці святароў з інстытутаў кансэкраванага жыцця. Яны будуць прадстаўляць сваіх генеральных настаяцеляў і атрымаюць права голасу.

Акрамя таго, больш не будзе аўдытараў. На Сінодзе замест іх будуць прысутнічаць 70 асоб, якія не з’яўляюцца біскупамі: святары, кансэкраваныя жанчыны, дыяканы, свецкія вернікі з мясцовых Касцёлаў. Іх абярэ асабіста Папа са спісу з 140 чалавек, вызначаных (не абраных) сямю міжнароднымі біскупскімі асамблеямі (па 20 ад кожнай з гэтых касцёльных устаноў). Дакумент прадугледжвае, што палову з іх павінны складаць жанчыны, таксама будзе вітацца прысутнасць моладзі. Пры вызначэнні кандыдатаў трэба ўлічваць не толькі іх агульную культуру і разважлівасць, але і іх веды, як тэарэтычныя, так і практычныя, а таксама іх удзел у сінадальным працэсе. Усе яны будуць мець права голасу.

Акрамя вышэйзгаданых 70 асоб, якія не з'яўляюцца біскупамі, сярод чальцоў Асамблеі могуць быць і іншыя не-біскупы, якіх вызначыць асабіста Пантыфік.

Трэцім новаўвядзеннем стане асабістае прызначэнне Святым Айцом прадстаўнікоў дыкастэрый Святога Пасада, якія змогуць удзельнічаць у Генеральнай асамблеі. Раней на Сінодзе заўсёды прысутнічалі кіраўнікі дыкастэрый, і рабілі яны гэта па пасадзе.
 

26 красавіка 2023, 15:43