Дзяржсакратар пра захаванне культурнай спадчыны Касцёла
Марыя Валодзіна - Vatican News
На думку кардынала Параліна, тэмы канферэнцыі вельмі добра гармануе з мысленнем Касцёла, які цягам стагоддзяў быў заступнікам сакральнага мастацтва. “Кожны від мастацтва так ці інакш увасабляе ў сабе элемент духоўнасці. На працягу стагоддзяў усе асноўныя духоўныя плыні, у тым ліку і нехрысціянскія, аказвалі вялікі ўплыў на мастацтва”, - адзначыў іерарх, нагадваючы пра "унутраную неабходнасць" тварыць, якую адчуваюць мастакі і аб якой пісаў у сваёй кнізе "Аб духоўным у мастацтве" рускі жывапісец і тэарэтык мастацтва Васіль Кандзінскі. “Глыбокія разважанні Кандзінскага пра мастацтва як выраз духоўнасці пераклікаюцца з разважаннямі самага выбітнага мастака XVI стагоддзя Мікеланджэла, чыё інтуітыўнае ўспрыманне мастацтва як чагосьці сакральнага адлюстроўвала яго глыбока ўкаранёнае перакананне ў тым, што паміж мастацтвам і духоўнасцю існуе надзвычай глыбокая ўзаемасувязь”, - сказаў кардынал Паралін.
Мастакі і рэстаўратары – супрацоўнікі Касцёла
Па яго словах, Каталіцкі Касцёл лічыць мастакоў сваімі сапраўднымі супрацоўнікамі, паколькі яны будавалі і ўпрыгожвалі храмы, праслаўлялі дагматы і ўзбагачалі літургію, перакладаючы пасланне Касцёла на мову формаў і выяваў. Тыя, хто захоўвае мастацкую спадчыну, з'яўляюцца вернымі саюзнікамі мастакоў, паколькі “увекавечваюць духоўнасць, закладзеную ў мастацкай і культурнай спадчыне чалавека”, перадаюць яе з пакалення ў пакаленне.
У сваім пасланні да мастакоў, апублікаваным напярэдадні Юбілею 2000 года, Ян Павел II цёпла заклікаў мастакоў шукаць новыя аб’яўленні прыгажосці, з дапамогай сваіх мастацкіх твораў удзельнічаць у творчым майстэрстве Бога, які перадае мастаку іскру сваёй мудрасці, - нагадаў кардынал Паралін, дадаючы, што аб гэтым казаў таксама адзін з першых нямецкіх прыхільнікаў рэнесанснага гуманізму XIII стагоддзя Мікалай Кузанскі. Не толькі мастакі, але і тыя, хто захоўваюць мастацкую спадчыну, удзельнічаюць у творчай дзейнасці Бога, увекавечваючы нематэрыяльныя духоўныя каштоўнасці прыгажосці, дабра і ісціны, - лічыць іерарх.
Клопат аб фізічным і духоўным вымярэнні культурнай спадчыны
Адной з галоўных тэм прамоваў і зваротаў Францішка з'яўляецца культура сустрэчы, якая, паводле яго слоў, пачынаецца са змены стаўлення і дзеянняў. У адносінах да навукі аб захаванні культурнай спадчыны гэтая канцэпцыя азначае, што яна не павінна быць абумоўлена тэхнакратычнай парадыгмай і абмяжоўвацца толькі захаваннем фізічнай структуры мастацкіх аб'ектаў. Рэстаўратары павінны клапаціцца як аб фізічным, так і аб духоўным вымярэнні нашай культурнай спадчыны, прымяняць падыход, заснаваны на каштоўнасцях, - параіў кардынал Паралін.
Дзейнасць Святога Пасада па захаванні мастацкай спадчыны
“На міжнароднай арэне Святы Пасад адыгрывае актыўную ролю ў падтрымцы стратэгіі захавання культурнай спадчыны. Пастаянныя назіральнікі ў ЮНЕСКА неаднаразова падкрэслівалі важнасць сумесных намаганняў па абароне мастацкай спадчыны чалавецтва пры адначасовым захаванні яго гістарычнага, культурнага і рэлігійнага значэння і каштоўнасці для будучых пакаленняў. Яны нястомна сцвярджаюць, што падыходы да рэстаўрацыі і аховы помнікаў павінны быць накіраваны не толькі на захаванне мастацтва як носьбіта прыгажосці, але таксама, і перш за ўсё, як увасаблення рэлігійных і духоўных каштоўнасцей”, - зазначыў Дзяржсакратар.
Ён нагадаў пра асноўныя дакументы ў сферы захавання культурнай спадчыны, якія падпісаў Святы Пасад, а таксама пра Папскую камісію па культурнай спадчыне Касцёла, заснаваную ў 1993 годзе Янам Паўлам II з мэтай “умацавання і нарошчвання намаганняў па належным захаванні, кансервацыі, папулярызацыі і прымнажэнню культурнай спадчыны Касцёла ў рамках яе пастырскай місіі”. Культурныя каштоўнасці варта разглядаць не толькі як элементы, якія прадстаўляюць антрапалагічны і сацыяльны інтарэс, але, перш за ўсё, як значныя выразы веры, - гаварылася ў лісце гэтай Папскай камісіі да душпастыраў у 1994 годзе.
Касцёл падтрымлівае палітыку захавання культурнай спадчыны, таму што мастацтва мае евангельскую мэту. Вера заўсёды знаходзіла ў мастацтве свайго саюзніка, таму што помнікі сакральнага мастацтва маюць катэхетычнае і культавае значэнне ў дадатак да іх эстэтычнай каштоўнасці, - заўважыў іерарх.
У заключэнне кардынал П'етра Паралін заклікаў удзельнікаў канферэнцыі зрабіць каштоўны ўклад у евангелізацыйную місію Касцёла і выказаў гарачае спадзяванне на тое, што мастацтва стане яшчэ больш эфектыўным спосабам набліжэння людзей да евангельскай навіны.