Разбурэнні ў прыфрантавым Бахмуце. Ілюстрацыйнае фота Разбурэнні ў прыфрантавым Бахмуце. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Філоні пра папскую мірную місію ва Украіне і ў Расіі

Мірная місія кардынала Дзупі ў Маскве і Кіеве аналагічная місіі, якую Ян Павел II усклаў на кардынала Ражэ Эчэгарая, адправіўшы яго да Садама Хусейна, - лічыць кардынал Фернада Філоні, былы нунцый у Багдадзе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Іерарх падкрэсліў, што такія місіі з’яўляюцца сведчаннем асаблівай прыхільнасці з боку Папы, які не толькі выкарыстоўвае звычайныя дыпламатычныя сродкі, але хоча даслаць важны сігнал абодвум бакам канфлікту.

Філоні нагадаў, што Ян Павел ІІ двойчы карыстаўся такімі надзвычайнымі сродкамі. У першы раз ён паслаў кардынала Эчэгарая да Садама Хусейна яшчэ падчас вайны паміж Іракам і Іранам. Гэта прывяло да вызвалення палонных з абодвух бакоў фронту. Яшчэ раз французскі кардынал выконваў міратворчую місію ў Багдадзе перад другой вайной у Персідскім заліве. На жаль, нягледзячы на заклікі і намаганні Яна Паўла II, вайну спыніць не ўдалося.

Былы нунцый у Багдадзе падкрэсліў, што такія крокі з’яўляюцца не альтэрнатывай звычайнай дыпламатыі, але яе дапаўненнем, калі Папа проста бачыць, што ў гэтых абставінах варта паслаць надзвычайнага пасла на лінію фронту.

Першапачатковая адкрытасць Масквы яшчэ не вызначае поспех місіі. Таксама падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI бакі канфлікту выказвалі адкрытасць да заклікаў Папы, і ўсё ж вайну не ўдалося спыніць. Важным дасягненнем ужо стала б захаванне міжнароднага гуманітарнага права, спыненне бамбёжак грамадзянскіх аб'ектаў і павага да ваеннапалонных.

На пытанне Corriere della Sera пра шанцы місіі па Украіне, кардынал Філоні прызнаў, што сітуацыя вельмі складаная. Пасля смерці столькіх людзей, пасля жудасных разбурэнняў цяжка сказаць: давайце забудзем тое, што было. Аднак мір заўсёды магчымы, Касцёл ніколі не адступае перад цяжкасцямі, - запэўніў шматгадовы ватыканскі дыпламат.
 

29 мая 2023, 09:59