Адкрыццё Святой Брамы Юбілею. Ілюстрацыйнае фота Адкрыццё Святой Брамы Юбілею. Ілюстрацыйнае фота 

Юбілей 2025 года: гімн, выстава Эль Грэка, ініцыятывы на месцах

Чатыры камісіі і Тэхнічны камітэт дапамагаюць Дыкастэрыі па евангелізацыі ў распрацоўцы агульнай праграмы Юбілею 2025 года. Аб гэтым паведамілі 9 мая 2023 года на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Душпастырская камісія стане, па сутнасці, рабочай групай, у якую ўвойдуць прадстаўнікі кожнай дыкастэрыі Рымскай курыі і прадстаўнікі некаторых іншых касцёльных структур, а таксама біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі. Яе мэта – прасоўванне юбілейных ініцыятыў, у першую чаргу, на ўзроўні мясцовых Касцёлаў.

Першым праектам Камісіі па культуры стане арганізаваная з 1 верасня па 8 кастрычніка 2023 года ў храме Сант-Аньезэ-ін-Агонэ на рымскай П’яца Навона выстава твораў вялікага іспанскага мастака эпохі Адраджэння Эль Грэка. Гэтыя працы ніколі раней не пакідалі Іспанію. Як спадзяюцца арганізатары, творы мастацтва дапамогуць наведвальнікам паразважаць на тэму надзеі ў Хрысце, якая дапамагае чалавеку акрыяць ад пакут, адкрываючы перспектыву вечнага жыцця. На выставе будзе прадстаўлены тэалагічны трыпціх, які складаецца з трох шэдэўраў Эль Грэка: Хрост; Хрыстус, які абдымае крыж і Збаўца, які благаслаўляе.

Камісія па камунікацыі аб’яднае журналістаў з розных выданняў, навукоўцаў і экспертаў па новых медыя. Яны падтрымаюць Дыкастэрыю-арганізатара ў плане інфармацыі і камунікацыі.

Экуменічная камісія зоймецца арганізацыяй святкавання 1700-годдзя Нікейскага сабору, якое прыпадае менавіта на 2025 год. Гэта вельмі значны юбілей для ўсіх хрысціян, бо ў Нікеі прайшоў першы хрысталагічны сабор.

У аператыўнай частцы Дыкастэрыю падтрымае Тэхнічны камітэт, які будзе адказваць за матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне юбілейных мерапрыемстваў, кіраванне базілікамі, бяспеку, ахову здароўя, валанцёрства.

Важная мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары Юбілею 2025 года, залучэнне ў працэс дыяцэзій з усяго свету. Яны ўжо сустрэліся з 212 дэлегатамі італьянскіх дыяцэзій і 90 прадстаўнікамі ўсіх біскупскіх канферэнцый з мэтай стварэння сувязі паміж Дыкастэрыяй і мясцовымі Касцёламі.

Паколькі 2024 год у рамках падрыхтоўкі да Юбілею будзе прысвечаны малітве, хутка Дыкастэрыя па евангелізацыі апублікуе серыю дапаможнікаў пад назвай Нататкі аб малітве. Яны будуць грунтавацца на шматвяковай хрысціянскай малітоўнай традыцыі і навучаць вернікаў маліцца паслядоўным чынам.

На прэс-канферэнцыі адбылася прэзентацыя афіцыйнага гімна Юбілею 2025 года. У міжнародным конкурсе на лепшы музычны твор удзельнічалі 270 чалавек з 38 краін. Сярэдні ўзрост кампазітараў – каля 48 гадоў. Тэкст, які яны павінны былі пакласці на музыку, напісаў П'еранджэла Секеры, тэолаг і музыказнаўца.

Міжнародная камісія, пасля сур'ёзнага аналізу музычных партытур, прадстаўленых ёй ананімным чынам, абвясціла пераможцам Франчэска Менегела з Мантуі. Хор Папскай Сікстынская капэлы ўжо запісаў першую версію гімна.
 

09 мая 2023, 13:08