Святы Айцец правёў рэформу Асноўнага закона Дзяржавы Ватыкан
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Змена ўпісваецца ў рамкі шматлікіх рэформ, распрацаваных і рэалізаваных за дзесяць гадоў пантыфікату Францішка. Фактычна, Закон “пераймае і завяршае” нарматыўныя і інстытуцыянальныя абнаўленні, уведзеныя ў Дзяржаве з рэформай Закона аб крыніцах права, Закона аб дзяржаўным кіраванні і Закона аб судовай сістэме.
Як і ў Канстытуцыі 2000 года, Папа пацвярджае “паўнату ўлады” Вярхоўнага Пантыфіка, “якая ўключае ў сябе заканадаўчую, выканаўчую і судовую ўлады”. Таксама пацвярджаецца "выключная асаблівасць і аўтаномія прававой сістэмы Ватыкана", адрозная ад сістэмы права Рымскай курыі. Пацвярджаецца юрысдыкцыя Дзяржавы над экстэрытарыяльнымі абласцямі, а дакладней "ажыццяўленне любой паслядоўнай улады над тэрыторыяй, вызначанай Латэранскімі пагадненнямі, а таксама ў будынках і на тэрыторыях, дзе знаходзяцца ўстановы Дзяржавы або Святога Пасада і дзейнічаюць асабістыя і функцыянальныя гарантыі і імунітэт у адпаведнасці з міжнародным правам".
Папа таксама пацвярджае заканадаўчую функцыю Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан, якая дагэтуль складалася з кардынала-старшыні (які адначасова з’яўляецца кіраўніком Губернатарата) і іншых кардыналаў. З новым Асноўным законам – і гэта адна з навінак – акрамя кардыналаў у Камісію ўвойдуць таксама “іншыя чальцы”, прызначаныя Святым Айцом на пяцігадовы тэрмін. Гаворка ідзе ў тым ліку і пра свецкіх мужчын і жанчын.
Яшчэ адно важнае новаўвядзенне датычыцца больш строгага і дэталёвага рэгулявання бюджэту і канчатковага балансу, які штогод прымае Папская камісія, “у адпаведнасці з правіламі бухгалтарскага ўліку” і “з актамі, якія маюць сілу закона”. Камісія прымае рашэнне аб трохгадовым фінансавым плане, прадстаўляючы “гэтыя акты непасрэдна на зацвярджэнне Вярхоўнаму Пантыфіку”. Бюджэт павінен забяспечваць “баланс даходаў і выдаткаў” і быць натхнёны “прынцыпамі яснасці, празрыстасці і справядлівасці”.