Адна з фотаработ на выставе Women’s Cry Адна з фотаработ на выставе Women’s Cry 

Ватыкан: Жаночы крык сведчыць пра сілу і стойкасць жыхароў Зямлі

У Ватыкане, у каланадзе Берніні, да 28 мая 2023 года працягвае працу незвычайная выстава з 26 фатаграфій пад назвай Жаночы крык (Women’s Cry).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Восем сусветна вядомых фатографаў задакументавалі моманты, якія дэманструюць становішча і стойкасць жанчын з розных куткоў свету. Мэта экспазіцыі – прыцягнуць увагу да часта нябачных элементаў жыцця і намаганняў, якія штодня прыкладаюць пасярод шматлікіх цяжкасцей многія жыхаркі нашай планеты.

Праект быў задуманы рэжысёрам Ліяй Белтрамі. Падчас адкрыцця выставы яна падкрэсліла, што кожнае з фотапалоцен уводзіць нас у свет жанчын, моцных і адначасова далікатных, якія нясуць на сабе вялізны цяжар, але дэманструюць нам прыгажосць.

У інтэрв’ю Vatican News сястра Фіарэла з Кангрэгацыі Сясцёр Божага Провіду адзначыла, што падзея моцна адпавядае місіі Касцёла. Змены ў Касцёле, уведзеныя Францішкам, на думку манахіні, “даюць глыбейшы вопыт неабходнасці суперажываць Касцёлу і Папу, тым праблемам, якія закранаюць нас канкрэтным чынам у свеце”.

Сястра Эдоарда, пасля наведвання выставы, падкрэсліла прыгажосць паслання Папы Францішка і такіх ініцыятыў. “Ён адкрывае нам свет, які мы не ведаем, але які мы павінны ведаць, каб прыцягнуць да яго ўвагу, таму што вельмі часта мы не заўважаем яго. І самае прыгожае, што Касцёл адкрывае схаванае, нябачнае, каб кожны мог усвядоміць усе гэтыя рэаліі. Дзякуючы гэтаму мы таксама ўзбагачаем сябе”, - падзялілася сваім уражаннем ад праекту манахіня.

Адно з фота адлюстроўвае жанчын, якія жывуць у Амазоніі. Яны прыедуць у Ватыкан і 24 мая 2023 года прымуць удзел у агульнай аўдыенцыі з Папам, а таксама падзеляцца з ім і вернікамі сваёй творчасцю – прадставяць на плошчы святога Пятра нацыянальны амазонскі танец.

13 мая 2023 года пройдзе ватыканская прэм’ера апошняга фільма Ліі Белтрамі IN-VISIBILES. Рэжысёр заявіла, што перадасць аўтарскія правы на ўсе свае кінаработы Святому Пасаду.
 

04 мая 2023, 11:16