Кардынал Паралін: не бачу магчымасцяў хуткага міру ва Украіне
Ян Глінскі
“Я не бачу шмат магчымасцяў для пазітыўнага прагрэсу”, - сказаў кардынал П’етра Паралін у інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву Kathpress і прадстаўнікам аўстрыйскіх СМІ ў Рыме, апавядаючы на тэму дыпламатычных намаганняў Апостальскай Сталіцы дзеля заканчэння вайны Расіі з Украінай.
“Расія прасігналізавала, што заўсёды гатовая да перамоваў, нават без папярэдніх умоваў; але адмовіцца ад Данбаса немагчыма. Гэта, у сваю чаргу, было ўмовай для Украіны для спынення агню і мірных перамоваў”, - патлумачыў іерарх.
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў, што Украіна мае свой мірны план і не хоча ад яго адступаць з-за гуманітарных праблем, якія ў ім бяруцца пад увагу. Ён мяркуе, што цяперашняя міратворчая місія, якую Папа даручыў свайму спецыяльнаму пасланніку кардыналу Матэа Дзупі, будзе сканцэнтравана менавіта на гуманітарных пытаннях: “У прыватнасці, гаворка ідзе пра дзяцей, якія былі вывезены ў Расію з Украіны”.
Кардынал Паралін згадаў таксама пра “відавочную спробу дзяржаўнага перавароту” ў Расіі з боку расійскага атрада наймітаў “Групы Вагнера” на чале з Яўгенам Прыгожыным. Тым не менш, як адзначыў іерарх, пакуль невядома, што насамрэч адбылося ў Маскве. У Ватыкане чакаюць вяртання з Масквы кардынала Дзупі, які, магчыма, зможа ацаніць сітуацыю.
Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы нагадаў, што галоўная мэта “мірнай місіі кардынала Дзупі – гэта спроба прапанаваць Святы Пасад у якасці патэнцыйнага пасярэдніка”, які ад пачатку вайны заняў пазіцыю нейтралітэту.