Галахер: воля да жыцця мацнейшая за любы разбуральны інстынкт
Марыя Валодзіна - Vatican News
Пасля шаснаццаці месяцаў бесперапыннай вайны цяжка нават уявіць сабе рэальныя маштабы разбурэнняў. Адзіная рэальнасць, якая застаецца непарушнай, - гэта нязломны дух украінцаў, якія “без ваганняў адклалі свае жыццёвыя планы і прысвяцілі сябе абароне Радзімы”. Такім жа гераічным з'яўляецца стаўленне тых, хто вярнуўся, як толькі змог, або імкнецца вярнуцца, каб аднавіць сваю краіну, таму што “воля да жыцця і надзеі мацнейшая за любы разбуральны інстынкт, які сее смерць і адчай”, - аб гэтым казаў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, на Міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай аднаўленню Украіны, якая 21-22 чэрвеня 2023 года праходзіць у брытанскай сталіцы. Мэта мерапрыемства – прасоўванне ініцыятыў, якія дапамогуць Украіне аднавіцца ад наступстваў ваенных дзеянняў і дасягнуць сацыяльна-эканамічнай стабілізацыі.
Па словах ватыканскага дыпламата, Украіна сутыкаецца не толькі з матэрыяльнымі разбурэннямі, але і з глыбокімі духоўнымі ранамі ў сямейнай, сацыяльнай і рэлігійнай сферах. Таму сапраўднае нацыянальнае адраджэнне патрабуе не толькі аднаўлення інфраструктуры, мясцовай эканоміцы, адукацыйных праектаў і аховы здароўя, а таксама і залечвання духоўных ран, развіццю дыялога і садзейнічання ўзаемаразуменню. У адваротным выпадку, “паўстане рызыка таго, што міны, пасеяныя вайной у сэрцах людзей, пачнуць выбухаць тады, калі ўкраінскае неба больш не будзе азмрочана расійскімі ракетамі”, - папярэдзіў іерарх.
На думку арцыбіскупа Галахера, урады, міжнародныя арганізацыі, грамадзянская супольнасць і людзі добрай волі закліканы дзяліцца з Украінай сваім досведам, рэсурсамі і салідарнасцю. “Цэрквы закліканы дапамагчы аднавіць чалавечае, сацыяльнае і рэлігійнае палатно Украіны. Разам мы можам дапамагчы ўкраінскаму народу здзейсніць прарыў, неабходны для пераадолення наступстваў гэтай жорсткай вайны”, - зазначыў прадстаўнік Святога Пасада, нагадваючы словы Францішка аб тым, што аднаўленне міру - гэта “доўгатэрміновая справа, якая патрабуе страсці, цярпення, досведу і ўпартасці”.