Пошук

Кардынал Матэа Дзупі Кардынал Матэа Дзупі  (ANSA)

Кардынал Дзупі скіраваўся з міратворчай місіяй у Кіеў

Кардынал Матэа Дзупі адправіўся ў Кіеў у якасці спецыяльнага пасланніка Святога Айца. Італьянскі іерарх правядзе ў сталіцы Украіны два бліжэйшыя дні з міратворчай місіяй.

“5-6 чэрвеня 2023 года кардынал Матэа Марыя Дзупі, арцыбіскуп Балонскі і старшыня Канферэнцыі біскупаў Італіі, наведае Кіеў у якасці пасланніка Святога Айца Францішка. Гаворка ідзе пра ініцыятыву, галоўная мэта якой – глыбока выслухаць украінскія ўлады аб магчымых шляхах дасягнення справядлівага міру і падтрымаць жэсты чалавечнасці, якія маглі б паспрыяць паслабленню напружанасці”, - паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

20 мая афіцыйны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні пацвердзіў, што Францішак даручыў кардыналу Матэа Дзупі “ўзначаліць, ва ўзгадненні з Дзяржаўным сакратарыятам, місію, якая б магла спрыяць аслабленню напружанасці ў канфлікце ва Украіне, у надзеі, якая ніколі не пакідала Святога Айца, што гэта зможа ініцыяваць мірныя шляхі”. 

Непасрэднай задачай міратворчай місіі кардынала Матэа Дзупі з'яўляецца не пасярэдніцтва, а садзейнічанне стварэнню атмасферы, якая магла б прывесці да мірнага ўрэгулявання, - адзначаў у размове з журналістамі 26 мая кардынал Дзяржсакратар П'етра Паралін.

05 чэрвеня 2023, 10:18