Нунцый у Кіеве: не стамляцца маліцца за Украіну
Ян Глінскі
Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас удзельнічаў у канферэнцыі анлайн, бо застаецца ў Кіеве. Іерарх указаў на змучанасць і праблемы, якія стварае сітуацыя ва Украіне, што працягваецца ўжо 16 месяцаў.
У сваім слове нунцый прыгадаў, між іншым, сітуацыю з негатыўным эфектам, якая мела месца ў сакавіку 2022 года. “Мы пыталіся ў расійскіх уладаў, ці можам эвакуяваць жыхароў чатырох дзіцячых дамоў з Херсонскай вобласці, але атрымалася так, што гэтая гуманітарная інтэрвенцыя мела зусім адваротны вынік, таму аб чым мы прасілі, бо дзяцей вывезлі ў глыб Расіі, не на іх радзіму, пазбавіўшы магчымасці жыць у сваёй культуры і мове”, - падзяліўся папскі дыпламат.
Таксама ў сакавіку мінулага года як арцыбіскуп Кульбокас, так і кардынал Конрад Краеўскі, прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, намагаліся трапіць у Марыупаль, каб эвакуяваць людзей або прынамсі прывезці ім хлеба і пітной вады, але не атрымалі дазволу на гэта.
“Гэта азначае, што ў рэчаіснасці вайны рэалізацыя Евангелля аказваецца ўвогуле немагчымай, - падкрэсліў папскі дыпламат. - Я, святар, біскуп, папскі прадстаўнік, не меў такой магчымасці. Тое самае як з наведваннем вязняў. Ведаем, напрыклад, што на розных акупаваных тэрыторыях ужо няма каталіцкіх святароў: некаторых выгналі, а іншыя ў вязніцы. І я не маю магчымасці іх наведаць. Такім чынам, я не магу наведваць зняволеных, паіць спрагнёных, карміць галодных, ратаваць дзяцей. Вось гэта драма”.
Зыходзячы з такога досведу нунцый ва Украіне ўказаў на важнасць Божай падтрымкі. Арцыбіскуп Кульбокас заклікаў не толькі сачыць за навінамі ў захопленай краіне, не толькі арганізоўваць мірныя ініцыятывы, але і не стамляцца ў малітве.