Дзяржсакратар: наступны саміт братэрства павінен прайсці ў Фаціме
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца даў інтэрв’ю афіцыйнаму выданню фацімскага санктурыя Voz da Fatima, падкрэсліваючы, што гэта месца прыцягвае да сябе вялікае мноства пілігрымаў з усяго свету.
Кардынал Паралін адзначыў, што наступная Сусветная сустрэча на тэму братэрства, якая, на яго думку, павінна адбыцца ў Фаціме, будзе служыць прасоўванню ў свеце дэмакратычных каштоўнасцей, а таксама змене разумення паняцця глабалізацыі. Сёння мы разглядаем яе пераважна як эканамічную, у той час як яна павінна стаць у першую чаргу глабалізацыяй салідарнасці, - дадаў ватыканскі іерарх.
Першая Сусветная сустрэча на тэму братэрства пад дэвізам #NotAlone адбылася 10 чэрвеня 2023 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. Падчас яе было прачытана пасланне Папы, які заклікаў будаваць культуру міру. У форуме ўдзельнічалі людзі розных нацыянальнасцей, прафесій і ўзростаў, у тым ліку вядомыя ва ўсім свеце артысты, музыканты і каля 30-ці лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі. На знак братэрства – галоўнай тэмы саміта – у ім бралі ўдзел таксама бедныя, бяздомныя і мігранты.