Паралін: святая Тэрэза ад Дзіцятка Езуса – гігант святасці
Марыя Валодзіна - Vatican News
Сведчанне святой Тэрэзы з Лізьё "пра жыццё, у якім любоў да Езуса з'яўляецца апярэджваннем вечнага жыцця", з'яўляецца прыкладам для вернікаў, якія жадаюць мець “прывілеяваныя адносіны з Езусам, адносіны, якія выходзяць за рамкі чагосьці звычайнага і пасрэднага, за рамкі духоўнага, касцёльнага і маральнага кліентылізму, рэлятывізму ва ўсіх яго формах", - сказаў кардынал П’етра Паралін у гаміліі падчас святой Імшы з нагоды перэгрынацыі рэліквій святой Тэрэзы і яе бацькоў у Італіі.
Раніцай 7 чэрвеня 2023 года рэліквіі прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі, якую правёў на галоўнай ватыканскай плошчы Францішак, а ўвечары таго ж дня адправіліся ў рымскі касцёл святога Людовіка Французскага (Сан-Луіджы-дэі-Франчэзі), дзе Імшу ўзначаліў кардынал Паралін.
"Нішто не павінна спыняць нас", - дадаў іерарх, заклікаючы рашуча ісці "шляхамі Пана ў адпаведнасці з Яго запаведзямі", супраціўляцца "ўсялякім спакусам і кампрамісам" і "быць упартымі ў малітве і прабачэнні, застаючыся цвёрдымі ў веры".
Наша асабістая гісторыя пачынае мяняцца, калі мы разумеем, што “Божае пакліканне і любоў патрабуюць поўнага, паслядоўнага і паслухмянага адказу”, і "што чалавек з'яўляецца суразмоўцам Бога і працягвае быць ім пасля смерці", - патлумачыў іерарх. Менавіта вера ў тое, што любоў Бога мацнейшая за смерць, робіць святую Тэрэзу прыкладам для нас. Яна прысвяціла Богу ўсё сваё жыццё, сваю дзейнасць, думкі, увагу. Яе пакліканне – гэта любоў да Бога. Як у сям'і, так і ў кармелітанскім кляштары яна змагла распазнаць і прывітаць прысутнасць Езуса ў кожнай падзеі свайго жыцця.
На думку кардынала Параліна, святая Тэрэза – гэта “гігант святасці", яе давер да Бога і Яго міласэрнай любові – “адна з вяршынь у гісторыі духоўнасці". Таму сёння, як ніколі, святая Тэрэза запрашае ўсіх вернікаў выпрабаваць тое, што перажыла яна сама. "Яе святасць з'яўляецца ўзорам для кожнай формы хрысціянскага жыцця", - сказаў на заканчэнне гаміліі кардынал Паралін, просячы святую Тэрэзу "заступацца за нас і дапамагаць нам любіць Езуса так, як любіла яна".