Сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам Сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам 

Ватыкан: чэрвеньская сесія Рады кардыналаў

26 чэрвеня 2023 года пачалася чэрвеньская сесія Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам. Гэта другое пасяджэнне пасля абнаўлення складу ў сакавіку 2023 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatiacan News

Сустрэчы праходзяць у Ватыкане ў прысутнасці Папы Францішка.

На мінулым пасяджэнні, 24-25 красавіка 2023 года, кардыналы размаўлялі пра “неабходнасць сумеснай працы ўсяго Касцёла на карысць міру”, пра падрыхтоўку да кастрычніцкай сінадальнай асамблеі і пра “імплементацыю Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium”, апублікаванай 19 сакавіка 2022 года.

Чальцамі новай Рады – абноўленай 7 сакавіка 2023 года - з'яўляюцца кардыналы: П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы; Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і Губернатарата Дзяржавы Ватыкан; Фрыдалін Амбонга Бесунгу, арцыбіскуп Кіншасы з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга; Освальд Грасіяс, арцыбіскуп Мумбая з Індыі; Шон Патрык О’Мэлі, арцыбіскуп Бостана з ЗША; Хуан Хасэ Амэлья-і-Амэлья, арцыбіскуп Барселоны з Іспаніі; Жэрар Лакруа, арцыбіскуп Квебека з Канады; Жан-Клод Олерыш, арцыбіскуп Люксембурга; Серджыу да Роша, арцыбіскуп Сан-Салвадора-да-Бая з Бразіліі. Сакратаром структуры застаўся італьянскі біскуп Марка Мэліна.

Рада кардыналаў была заснавана Францішкам 28 верасня 2013 года з задачай дапамагаць яму ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам і стварыць праект рэарганізацыі Рымскай курыі, які затым быў рэалізаваны ў новай Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium. Першая сустрэча Рады прайшла 1 кастрычніка 2013 года.
 

26 чэрвеня 2023, 15:03