Ватыкан: пакаянны абрад пасля прафанацыі папскага алтара
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У пакаянным набажэнстве бралі ўдзел канонікі капітула базілікі святога Пятра і шматлікія вернікі.
Прафанацыя галоўнага алтара адбылася вечарам 2 чэрвеня: перад закрыццём ватыканскай базілікі мужчына, які знаходзіўся ў стане афекту, падышоў да алтара, хутка распрануўся і заскочыў на яго. На спіне ў мужчыны фламастарам было напісана па-англійску: “Уратуйце дзяцей Украіны”. Ён не крычаў і не аказваў супраціву, калі ахоўнікі разам з ватыканскімі жандарамі прымусілі яго спусціцца і апрануцца. Мужчына быў адведзены ў пастарунак Ватыканскай жандармерыі для ўсталявання асобы, а потым перададзены, на аснове пагаднення паміж Італіяй і Апостальскай Сталіцай, італьянскім праваахоўнікам, якія ўручылі яму прадпісанне пакінуць тэрыторыі Італіі.
Паводле паведамленняў СМІ, віноўнікам інцыдэнту з’яўляецца 34-гадовы расіянін з польскім грамадзянствам, які пакутуе ад цяжкай формы дэпрэсіі і рознага роду разладаў.