120 гадоў з дня смерці Льва XIII
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У канцы XIX стагоддзя Леў ХІІІ склаў доўгую малітоўную формулу праз заступніцтва святога Арханёла Міхала, якая пазней была ўключана ў абрад экзарцызму. Сёння больш вядомы яе скарочаны варыянт, які ў той час рэкамендавалі чытаць пасля кожнай Імшы. Пасля Другога Ватыканскага Сабора гэты звычай фармальна перастаў дзейнічаць, але традыцыя ў многіх месцах захавалася, а ў наш час шмат дзе аднавілася.
Лічыцца, што Леў XIII напісаў малітву пасля асабістай візіі падчас Эўхарыстыі 13 кастрычніка 1884 года, калі пачуў голас Езуса і голас сатаны. У размове Пан даў дазвол злому духу паспрабаваць знішчыць Касцёл на працягу прыкладна 100 гадоў, падкрэсліўшы, што ў рэшце рэшт пераможа супольнасць людзей з Богам і брамы пякельныя яе не адолеюць. Затым Папа ўбачыў напад дэманаў на вернікаў, і, нарэшце, святога Міхаіла і яго анёлаў, якія адганялі тых, хто нападаў, калі людзі звярталіся з малітвамі да ваяводы нябесных войскаў. Адразу пасля гэтай візіі Леў XIII склаў тэкст малітвы.
Папа кіраваў Касцёлам 25 гадоў. Яго служэнне прынесла шмат важных плёнаў, да якіх, несумненна, належаць энцыкліка Rerum Novarum і ўзгаданая малітва: “Святы Арханёле Міхале, беражы нас у змаганні, будзь нам абаронаю супраць спакусаў і пастак злога духа...”.